Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Як Івацэвіцкія школьнікі пакаралі тэлевізійны праект «Я ведаю!»

15/03/2024 11:31

 Рэспубліканскі тэлепраект «Я ведаю!», што арганізоўваецца Белтэлерадыёкампаніяй сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і трансліруецца на канале «Беларусь 1», ужо на працягу некалькіх гадоў збірае самых эрудыраваных, ініцыятыўных і знаходлівых школьнікаў з усёй краіны. У лік яго ўдзельнікаў трапілі і івацэвіцкія школьнікі – Сцяпан Варановіч, вучань СШ № 3 г. Івацэвічы, і Ягор Палій з СШ № 1 г. Івацэвічы ім. У. Гука.

Хлопчыкам удалося здзівіць сваімі ведамі не толькі равеснікаў, але і дарослых, якія, між іншым, не заўсёды могуць знайсці адказы на каверзныя пытанні гульні. Перш чым трапіць на тэлепраект, яны прайшлі адбор на ўзроўні вобласці, а крытэрыем адбору паслужыла іх скарбонка дасягненняў. Яна, між іншым, ужо дастаткова важкая ў абодвух нашых эрудытаў.

Пяцікласнік Сцяпан Варановіч і ў размове з журналістам паказаў сябе развітым не па гадах, а пры ўсёй сваёй сур’ёзнасці і інтэлігентнасці парой праяўляў цудоўнае пачуццё гумару. Як
адзначае яго першая настаўніца Вольга Лявонцьеўна Ялоўская, яна ж і суправаджала Сцёпу на гульню, хлопчык такі і ў паўсядзённым жыцці. Ён выдатнік, неаднаразовы пераможца школьных і раённых алімпіяд па розных прадметах. Усе школьныя дысцыпліны даюцца яму лёгка, але больш даспадобы дакладныя навукі. Акрамя вучобы хлопчык наведвае секцыю па каратэ, займаецца ў мастацкім аддзяленні школы мастацтваў г. Івацэвічы, а таксама праграміраваннем і робататэхнікай на прыватных курсах «Robomix».

Эрудыцыя, кемлівасць, здольнасць арыентавацца ў розных пытаннях дапамагла Сцёпу дасягнуць на тэлепраекце добрых вынікаў: ён прайшоў тры туры і заняў ганаровае трэцяе месца. Між іншым, з дзяўчынкай, што аказалася на другім месцы, яны набралі роўную колькасць балаў, але тут арганізатары ўлічылі хуткасць рэакцыі, кнопку для адказу яна націснула першай.

– Ніякай стратэгіі гульні мы не выбіралі. Сцяпан выхаваны вучань, ён прывык выслухаць пытанне да канца і толькі потым адказваць, таму, магчыма, дзесьці трошкі не хапіла хуткасці. Але і спешка не заўсёды на карысць. А наогул жа вынік гульні для нас вельмі дастойны! – кажа Вольга Лявонцьеўна.

Яна і іншыя настаўнікі школы актыўна рыхтавалі пяцікласніка да тэлепраекта, займаўся Сцёпа і самападрыхтоўкай, чэрпаў веды з энцыклапедый, іх у яго даволі шмат. А бацькі вельмі ўдзячныя першаму настаўніку, бо, па іх меркаванні, гэта яна прывіла хлопчыку любоў да кнігі і заклала надзейны падмурак ведаў, які працягваюць будаваць цяпер іншыя настаўнікі.

Дарэчы, выпуск, у якім удзельнічаў Сцяпан Варановіч, першы ў сёмым сезоне, выйшаў у студзені, яго запіс можна паглядзець на сайце Белтэлерадыёкампаніі або на канале ў YouTube. Вучань і яго настаўнік адзначаюць, што парой складана было справіцца з эмоцыямі, асабліва калі на цябе накіраваны некалькі відэакамер і дзясяткі сафітаў, а самым хвалюючым аказаўся другі тур, бо надта ж не хацелася з яго вылецець. Але хлапечая вытрымка і эрудыцыя прывялі да дастойнага выніку, якім ганарыцца школа, бацькі, сябры і блізкія.

Для гонару прычына ёсць і ва ўсіх, хто ведае Ягора Палія з СШ № 1 г. Івацэвічы ім. У. Гука. На прапанову прыняць удзел у здымках тэлеперадачы васьмікласнік-выдатнік нават не
раздумваў і адразу ж пачаў рыхтавацца, у гэтым яму дапамагалі многія настаўнікі школы, у тым ліку настаўнік гісторыі, класны кіраўнік Аляксандр Уладзіміравіч Вакуліч, з якім разам і адправіліся пакараць тэлепраект. Шмат працаваў Ягор самастойна, перачытваў кнігі, штудзіраваў школьныя дапаможнікі, асаблівую ўвагу надзяляў заданням і пытанням, пазначаным зорачкай. Хлопец адзначае, што з некаторымі пытаннямі тэлегульні справіўся дзякуючы ўдзелу ў школьных і раённых алімпіядах, а яны прыносілі яму неаднойчы прызавыя месцы. Сярод любімых прадметаў ён вылучае гуманітарныя навукі, дакладныя ж патрабуюць большай уседлівасці, аднак мэтанакіраваны Ягор прыкладае ўсе намаганні, каб быць выдатнікам, бо ўжо з восьмага класа пачалася карпатлівая праца на медаль.

Ягор – рознабаковая асоба, актыўны ўдзельнік гульні «Што? Дзе? Калі?», каманда з яго ўдзелам некалькі разоў станавілася пераможцам у раёне і паспяхова выступала на вобласці. Хлопец шмат чытае, а з любімых твораў вылучае «Шэрлака Холмса» і «Гары Потэра», іх перачытаў па тры разы. Да таго ж ён вывучае кітайскую мову: два разы на тыдзень наведвае факультатыў, які для школьнікаў праводзяць карэнныя кітайцы, выкладчыкі Баранавіцкага ўніверсітэта. А яшчэ Ягор скончыў школу мастацтваў г. Івацэвічы па класе струнна-народнай балалайкі, працягвае вучыцца ігры на гітары, сябруе і са спортам.

– Ягор любіць вучыцца і пазнаваць новае, з такім вучнем прыемна працаваць. Для нас было вялікім гонарам пабываць на тэлеперадачы і прадставіць сваю школу. Дзякуем настаўнікам, якія дапамагалі Ягору рыхтавацца, а таксама бацькам, якія яго заўсёды падтрымліваюць, – адзначае класны кіраўнік Аляксандр Уладзіміравіч.

Вучань і яго настаўнік перад тэлегульнёй паставілі мэту дасягнуць добрага выніку, а калі не атрымаецца, не засмучацца. Але нагоды для смутку не выдалася, бо юны эрудыт прайшоў тры туры і заняў чацвёртае месца. Яму, як і Сцяпану, трошкі не хапіла хуткасці. Дарэчы, 13-ты выпуск сёмага сезона інтэлектуальнай гульні «Я ведаю!» з удзелам Ягора выйшаў на канале «Беларусь 1» 24 лютага, а зараз даступны да прагляду ў запісе.

Абодва хлопчыкі ў размове адзначалі прыемную атмасферу беларускага тэлебачання, а пры магчымасці хацелі б яшчэ раз паўдзельнічаць у тэлепраекце «Я ведаю!». Па правілах гульні
наступны ўдзел магчымы толькі праз чатыры гады, і васьмікласнік Ягор шкадуе, што такой магчымасці яму не выпадзе, а вось у пяцікласніка Сцёпы яшчэ раз бліснуць эрудыцыяй шанс ёсць.

Хлопцы задаволены сваімі рэзультатамі, але спыняцца на дасягнутым не збіраюцца, бо яны ў чарговы раз упэўніліся, што толькі дзякуючы карпатлівай працы і атрыманым ведам можна дабіцца поспеху.

Крыніца: https://ivatsevichy.by/

 

К списку новостей

Полезные ссылки