Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт

Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт
burger

Галасуюць датэрмінова: на выбарчы ўчастак для галасавання № 1 людзі пачалі прыходзіць яшчэ да пачатку яго работы

20/02/2024 13:00

 20 лютага у Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання. Датэрміновае галасаванне будзе доўжыцца да 24 лютага, усе гэтыя дні выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 12.00 да 19.00 без перапынкаў. Нагадаем, у Івацэвіцкім раёне арганізаваны 41 участак (два з іх – закрытыя).

У першы дзень датэрміновага галасавання мы наведаліся ў абноўлены выбарчы ўчастак № 1 па вул. Завадской, 12. Так, з Завадской, 4, былога адміністрацыйнага будынка ААТ «Івацэвічдрэў», участак пераехаў на плошчы цяперашняга магазіна «MySTAR». Работы па добраўпарадкаванні новага ўчастка пачаліся заранёў, як адзначыла адміністрацыя прадпрыемства, сюды набылі скрыні для галасавання, новыя кабіны, тут усталявана відэаназіранне, зроблены касметычны рамонт тамбура, будынка звонку. Прасцей сказаць, заходзіць сюды прыемна. На абноўленым участку арганізавана і месца для галасавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яшчэ нават да адкрыцця на ўчастку ўжо збіраліся людзі, па спісе тут 2 728 выбаршчыкаў.

Адной з першых рэалізавала сваё выбарчае права Анастасія Папко, інжынер аддзела забеспячэння ААТ «Івацэвічдрэў». Разам з дачушкай, другакласніцай Вікторыяй, жанчына наведала ўчастак.

– Вікторыі ўсяго восем гадоў, а яна ўжо другі раз наведвае выбарчы ўчастак, – адзначае маладая маці. – Чатыры гады таму разам з ёй мы абіралі Прэзідэнта краіны, зараз – дэпутатаў. На днях дачка пацікавілася, за каго і для якіх мэт мы галасуем. Я адказала ёй, скажу і вам, што асабіста я абіраю адказных людзей, якія хварэюць за сваё, сваю краіну і за справу, галасую за людзей, якія прадставяць мае інтарэсы на абласным, рэспубліканскім узроўнях. Лічу гэта добрай традыцыяй – галасаваць разам з дачкой. Сёння яна апускае ў скрыню маміны бюлетэні, а заўтра ўжо будзе апускаць свае!

На выхадных за ХК «Дынама-Мінск» у Мінск-Арэне будзе хварэць Сяргей Станкевіч, інжынер па гаспадарчых пытаннях ААТ «Івацэвічдрэў», у райцэнтр вернецца толькі ў нядзелю, таму галасаваў сёння і на абедзенным перапынку. За ўсё сваё жыццё Сяргей Пятровіч не прапусціў ніводнага галасавання ў краіне, а з той пары, як ажаніўся, 30 гадоў таму, на ўчастак ходзіць з жонкай Валянцінай Пятроўнай. Сям’я больш за 30 гадоў працуе на заводзе, гэтым вельмі ганарыцца і лічыць, што росквіт прадпрыемства адбыўся ў тым ліку дзякуючы правільнай дзяржаўнай палітыцы і падтрымцы.

– У Мінску таксама датэрмінова прагаласавала наша дачка, выканаць свой абавязак вырашылі і мы. Тым больш, што я таксама прыклаў руку да арганізацыі новага ўчастка, некалькі тыдняў тут шчыравалі нашы рабочыя, дапамагалі многім і работнікі магазіна «MySTAR». Дарэчы, плошчы магазіна часова зменшылі, затое які прыгожы, зручны і для пажылых, і для інвалідаў участак мы маем. Пра новае ў гэтым галасаванні мы з жонкай чыталі, лічым, так прасцей –  вызначыцца за адзін раз з дэпутатамі адразу некалькіх узроўняў. Асабіста я лічу, гэта так важна, што сёння мы маем права абіраць сваіх прадстаўнікоў, лідараў, якія дапамогуць у вырашэнні пытанняў, прадставяць нашы інтарэсы на рэспубліканскім узроўні. Кожнаму з нас трэба карыстацца гэтым важным канстытуцыйным правам!

У першую гадзіну работы ўчастка сюды наведаўся і малады выбаршчык, 18-гадовы Павел Банчук, якому члены выбарчай камісіі ўручылі падарункавае выданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Галасаванне толькі распачалося, на ўчастках людна і святочна. А мы нагадваем выбаршчыкам, што ў Адзіны дзень галасавання, 25 лютага, прагаласаваць можна будзе з 8.00 да 20.00.  

Крыніца: http://ivatsevichy.by/


 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі