Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger

Служба – дні і ночы

28/07/2024 08:06

 І несці баявыя дзяжурствы, і дапамагчы аграрыям на жніве могуць работнікі аварыйна-выратавальнага паста № 18 г. п. Целяханы Павел Гапонік і Андрэй Канановіч

25 ліпеня сваё прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы – адзначылі тыя, хто не баіцца прымаць выклікі стыхіі і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях. Менавіта на моцных плячах пажарных, выратавальнікаў – адказнасць за жыццё і бяспеку людзей.

Дзяжурствы, вызавы па трывозе, барацьба з вогненнай стыхіяй – паўсядзённая рэальнасць вадзіцеля Андрэя Канановіча і старшага інструктара-выратавальніка Паўла Гапоніка, якія служаць на аварыйна-выратавальным пасту № 18 г. п. Целяханы. Тут кожны дзень кругласутачнае дзяжурства нясуць пяць пажарных і дзве адзінкі тэхнікі, усяго ж працуе 17 чалавек у тры змены.

Кожная пачынаецца з прыёму і перадачы дзяжурства. У гэты час праводзіцца агляд асабістага складу, даводзіцца аператыўная інфармацыя аб пажарах, прыёмка тэхнікі, сродкаў індывідуальнай абароны і іншага абсталявання. У зоне адказнасці целяханскіх пажарных Рудня, Рэчкі, Краглевічы, Бабровічы, Выганашчы, Амяльная, Турная, Краі, Гутка, Горталь, Соміна, Вулька-Целяханская і сем населеных пунктаў Пінскага раёна.

Змена № 2 працуе пад кіраўніцтвам старшага інструктара-выратавальніка Паўла Гапоніка. У райаддзел па надзвычайных сітуацыях ён прыйшоў у 2014 годзе. Ураджэнец Горталя пасля сканчэння школы адслужыў у вайсковай часці 7404 унутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь, некаторы час працаваў у Целяханскім лясгасе, а потым прайшоў прафесійны адбор і ўладкаваўся на службу ў РАНС пажарным. Прайшоў навучанне на базе філіяла «Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі» Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі пад Барысавам, добра сябе зарэкамендаваў і праз два гады стаў камандзірам аддзялення.

Прапаршчык унутранай службы добра ведае населеныя пункты, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці паста № 18 г. п. Целяханы, у яго абавязкі ўваходзіць каардынацыя работы змены № 2, пажарна-тэхнічная аснашчанасць, кантроль над забеспячэннем сродкамі індывідуальнай абароны – усё павінна быць у спраўным стане, гэтага патрабуе ён і ад падначаленых, а таксама разам з калегамі ўдзельнічае ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

За 10 гадоў службы, як прызнаецца суразмоўца, здаралася ўсякае: і сур’ёзныя пажары, і не вельмі. Да таго ж даводзілася выязджаць і на ДТЗ, і даставаць з вады патанулых. Самым цяжкім для яго застаюцца здарэнні, дзе гінуць людзі, – гэта складана маральна. Прыпамінае 2022 год, тады на пажарах у Пінскім раёне, на падведамаснай ім тэрыторыі на працягу года загінулі шэсць чалавек. Мінулы год і сёлетні, дзякаваць Богу, выдаліся больш-менш спакойнымі, без ахвяр. Часта выязджаюць на ліквідацыю жаланосных насякомых, прычым даводзілася змагацца і з велізарнымі гнёздамі, і знімаць малыя, памерам з кулак.

– Усё павінна быць у боегатоўнасці, як сам выратавальнік, так і тэхніка для своечасовага рэагавання на вызаў. Аднак і ў выхадны дзень мы не маем права расслабляцца. Калі іншая змена выязджае на пажар, нам неабходна заступаць на службу ў якасці дзяжурнай. Да таго ж здараюцца трэніровачныя зборы, вучэбная трывога, – расказвае Павел Гапонік.

Ён упэўнены, што многіх трагічных сітуацый можна было б пазбегнуць, але халатныя адносіны людзей парой прыводзяць на сур’ёзных наступстваў. Павел Міхайлавіч ніколькі не сумняваецца, што выбраў правільны шлях, звязаўшы сваё жыццё з важнай для людзей прафесіяй. А сярод плюсаў службы ў РАНС адзначае зладжаны калектыў і графік работы суткі праз двое. У Гапонікаў трое дзяцей, і шматдзетны бацька свой вольны час стараецца прысвяціць сям’і.

Між іншым, пра зладжанасць калектыву як абавязковую ўмову пры ліквідацыі надзвычайнага здарэння гаворыць вадзіцель пажарнага аўтамабіля Андрэй Канановіч, за плячамі якога – чатыры гады службы ў РАНС, мноства выездаў, і кожны з іх – важны і адказны, бо ад вадзіцеля залежыць, як хутка выратавальнікі акажуцца там, дзе вельмі чакаюць іх дапамогу. Але на гэтым яго работа не заканчваецца, бо, прыбыўшы на месца, ён разам з калегамі ўдзельнічае ў ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі.
– Каб аўтамабіль не падвёў у самы непадыходзячы момант, ён павінен быць своечасова абслужаны, – упэўнены Андрэй, які пільную ўвагу ўдзяляе тэхніцы.

Нарадзіўся і вырас ён у в. Краі, скончыў Пінскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-механік, і набытыя веды вельмі спат-рэбіліся яму ў рабоце. Там жа і атрымаў правы вадзіцеля на ўсе магчымыя катэгорыі. Працу ў РАНС Андрэю прапаноўвала кіраўніцтва яшчэ падчас службы ў паветрана-дэсантных войсках, таму пасля дэмабілізацыі наконт гэтага нават не раздумваў. Спачатку працаваў на аварыйна-выратавальным пасту ў аг. Горталь, а пасля яго аптымізацыі перавёўся на пост № 18 г. п. Целяханы. Помніцца сяржанту ўнутранай службы і першы баявы выезд – у родную вёску, там гарэў пограб. А яшчэ ён адзначае, што ў рабоце пажарных ніколі не бывае аднолькавых сітуацый, таму дзейнічаць заўсёды даводзіцца па-рознаму.

А вось сярод складаных сітуацый згадвае пажар у бацькоўскім доме. Здавалася, хто, як ні сям’я пажарнага, ведае пра бяспеку з агнём, але здарылася і такое, прычым за 10 дзён да вяселля Андрэя. Дом тады згарэў унутры, а разам з ім і шлюбны касцюм хлопца. Яго ж самога на той момант дома не было, у водпуску працаваў у ААТ «Целяханы-агра» на ўборачнай, а пажар тушылі яго калегі. Тым не менш, вяселле адбылося, дом за лета і восень аднавілі, за што Андрэй і яго сям’я ўдзячныя нераўнадушным людзям, якія дапамаглі рублём.

З ахвярамі на пажарах Андрэю Канановічу сутыкацца не даводзілася, ды няхай і не прыйдзецца.
– Хочацца данесці да насельніцтва, што нельга захоўваць газавыя балоны ў хаце. У выпадку пажару, рызыкуючы жыццём, выратавальнікам даводзілася выносіць балоны ў бяспечнае месца, – кажа Андрэй Сяргеевіч.

У абавязкі вадзіцеля ўваходзіць і клопат аб тым, каб аўтацыстэрна заўсёды была з вадой, нават калі вяртаешся з ліквідацыі чарговага пажару, павінен напоўніць яе ў бліжэйшым гідранце або вадаёме.
Адна з задач байцоў МНС – падтрымліваць фізічную форму, быць вынослівымі і моцнымі, бо гэта складнікі іх прафесійнага майстэрства.Таму нядзіўна, што Павел Гапонік і Андрэй Канановіч сябруюць са спортам і адстойваюць гонар райаддзела на спартакіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства. Вадзіцель Андрэй Канановіч, да прыкладу, рэзультатыўна ўдзельнічае ў спаборніцт-
вах па гіравым спорце, вось і сёлета з чарговых спаборніцтваў прывёз перамогу.

Кожнадзённая фізпадрытоўка, удасканаленне ведаў
па тэорыі, распрацоўка планаў дзеянняў па тушэнні
ўзгаранняў, а яшчэ рэгулярная здача нарматываў і залікаў на профпрыгоднасць – гэта і многае іншае напаўняе працоўныя будні супрацоўнікаў пажарнай службы, якія распісаныя па хвілінах.
А што яшчэ, акрамя службы, аб’ядноўвае старшага інструктара-выратавальніка і вадзіцеля аўтамабіля аварыйна-выратавальнага паста № 18 г. п. Целяханы?

У свой водпуск абодва яны змянілі форму работнікаў РАНС на рабочае адзенне аграрыяў і выйшлі на дапамогу ААТ «Горталь» як экіпаж камбайна. Між іншым, для Андрэя гэта чацвёртая ўборачная кампанія ў якасці камбайнера, першыя дзве працаваў у ААТ «Целяханы-агра». А вось Павел Гапонік на хлебнай ніве ўпершыню, згадзіўся на прапанову таварыша папрацаваць памочнікам сёлета.

– Тэхніку нам даверылі новую, камбайну КЗС-12 другі год. Працаваць камфортна, у поле дастаўляюць абеды, а да напружанай сельскай працы мы прывычныя, – кажуць Андрэй і Павел.
Але нават падчас водпуску і ўборачнай яны не губляюць гатоўнасці да любых выклікаў і пазаштатных сітуацый.

Як паведаміў начальнік Івацэвіцкага РАНС Сяргей Новік, у райаддзеле ёсць тыя, хто мае неабходны допуск і можа працаваць на сельскагаспадарчай тэхніцы. Сёлета на дапамогу аграрыям адправіліся 8 выратавальнікаў. Да таго ж і пажарную бяспеку на палях нязменна трымаюць на кантролі работнікі ўсіх падраздзяленняў РАНС, а іх сем: у Івацэвічах, Косаве, Целяханах, Быцені, Вульцы-аброўскай, Дабромыслі і Аброве.

Скончыцца водпуск, і старшы інструктар-выратавальнік Павел Гапонік і вадзіцель пажарнага аўтамабіля Андрэй Канановіч, як і іншыя, вернуцца на баявыя
дзяжурствы. Дык няхай яны праходзяць у падраздзяленні, без трывожных сігналаў і выездаў. Сухіх рукавоў вам, супрацоўнікі РАНС, моцнага здароўя і выдатнай службы!

Источник: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки