Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет Победы советского народа в Великой Отечественной войне

Таццяна Голік: «Радзіма там, дзе ты нарадзіўся, жывеш і працуеш»

04/06/2025 15:15

 Таццяна Голік: «Радзіма там, дзе ты нарадзіўся, жывеш і працуеш»

Школьны гісторыка-краязнаўчы музей у вёсцы Дабромысль быў створаны ў 1988 годзе. Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам унікальнага пакоя ў 40 з гакам квадратных метраў стаў дырэктар навучальнай установы Віктар Гардзіеўскі. Па крупінках Віктар Пятровіч і рабяты-старшакласнікі збіралі матэрыялы аб гісторыі вёскі і яе людзях, дакументы аб героях Вялікай Айчыннай вайны, самыя розныя прадметы сялянскага побыту блізкіх і далёкіх продкаў. Затым эстафету падхапіў настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Сплендзер. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Іванавіча актыўна вялася экскурсійная дзейнасць, пошукавая і даследчая работа. Новы глыток паветра «ўхапіў» музей, калі на пасаду кіраўніка ў 2012 годзе прыйшла энергічная, нераўнадушная, узброеная дабрынёю, мудрасцю і душэўнай шчодрасцю Таццяна Голік.

Старонкі памяці

Нягледзячы на тое, што экспазіцыя школьнага музея складаецца з некалькіх частак: «Гісторыя Дабромысля», «Этнаграфія роднага краю», «Гісторыя школы» – толькі-толькі пераступіўшы парог пакоя, дзе сышліся ў адно мінулае і сучаснасць, Таццяна Голік звяртае ўвагу на шматлікія, па-сучаснаму аформленыя стэнды, якія расказваюць пра тых, хто прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, хто, пакінуўшы зямное жыццё, стаў часткай Перамогі, хто ў мірны пасляваенны час працаваў рупліва, годна, самааддана.

– У год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне менавіта гэтая частка музея карыстаецца найбольшай папулярнасцю, – заўважае жанчына. – Каб дакрануцца да мінулага, убачыць арыгінальныя дакументы і экспанаты, паслухаць, якім няпростым быў шлях да пераможнага мая, на экскурсіі прыходзяць не толькі школьнікі, але і мясцовыя жыхары, працоўныя калектывы, прыязджаюць госці з раёна і нават здалёк.

Толькі за мінулы год у школьным музеі пабывалі кіраўнік Івацэвіцкага раёна Уладзімір Бялоў, прадстаўнікі пракуратуры, Следчага камітэта. А ў верасні, падчас рабочай паездкі на Івацэвіччыну, у школу і музей наведаўся старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васілій Герасімаў. Перад яго візітам, вядома ж, і кіраўніцтва школы, і Таццяна Голік са сваімі рабятамі-экскурсаводамі вельмі хваляваліся. Аднак усё прайшло хораша, цёпла, па-добраму. Па ўсім было відаць, што невялічкі школьны музей зацікавіў, закрануў важнага госця, а частка, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады вайны, асабліва ўсхвалявала…

– Добрыя водгукі пра музей, шчырыя думкі і меркаванні яго наведвальнікаў, вядома ж, нас вельмі радуюць, – прызнаецца Таццяна Анатольеўна. – А яшчэ натхняюць працаваць больш і лепш. Нездарма кажуць: добрае слова, добрая сустрэча, добрая ўсмешка не толькі ўпрыгожваюць наша жыццё, але і з’яўляюцца матыватарам для таго, каб рухацца наперад.

Чыгунны прас, калекцыя кос і знакамітыя дабромысленскія ручнікі

Экспанаты для музея пачалі збіраць даўно, аднак асноўны фонд у 600 з лішнім адзінак не перастае папаўняцца і зараз. Па словах Таццяны Анатольеўны, штогод ён прырастае на 30-40 новых экспанатаў. Прадметы побыту: чыгунны прас, маслабойку, прасніцу, шматлікія дакументы з гістарычнымі звесткамі, старыя кнігі, альбомы прыносяць жыхары Дабромысля і суседніх вёсак у музей, бо ведаюць, што ўсяму знойдзецца сваё пачэснае месца і захаваецца на часы.

– Жамчужына музея, яго сапраўдны скарб – калекцыя ручнікоў, – працягвае Таццяна Анатольеўна. – Некалі прыхаджане ахвяравалі іх нашай Свята-Мікалаеўскай царкве. На працягу многіх год рукатворны цуд быў упрыгожваннем храма. А потым настаў час і ўсе, больш за пяцьдзясят ручнікоў, вясельных, памінальных, вышытых і тканых, былі перададзены ў музей.

І яшчэ адна калекцыя. Наведвальнікам, як дарослым, так і дзецям, яна асабліва падабаецца. Гэта больш за чатыры дзясяткі сярпоў і кос.

– Сельскагаспадарчыя прылады працы, якія некалі выкарыстоўвалі нашы продкі падчас нарыхтоўкі кармоў, уборкі хлеба, збіралі на працягу некалькіх год, – расказвае Таццяна Анатольеўна. – Яшчэ і сёння людзі нясуць у музей загадкавыя прадметы селяніна-хлебароба, з мінулага – у сучаснасць, дакладней, сучаснікам.

Каштоўны экспанат школьнага музея – камплекты паштовак, «родам» з мінулага стагоддзя.

Дзве велічэзныя сумкі з паштоўкамі прынёс у музей сын ураджэнкі Дабромысля Анастасіі Лешка. Жанчына некалі жыла ў Мінску, працавала на камвольным камбінаце, любіла вандраваць па былым Савецкім Саюзе. Бываючы ў гарадах, якія найбольш праславіліся сваёй гераічнай абаронай у гады Вялікай Айчыннай вайны і якім у пасляваенны час было прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», яна купляла камплекты паштовак, – працягвае Таццяна Анатольеўна. – У бліжэйшы час плануем арганізаваць выставу калі не ўнікальнай, дык вельмі цікавай музейнай знаходкі.

Распавядаючы пра калекцыі, пра музей у цэлым і вялікую работу, што ў ім праводзіцца, Таццяна Голік заўважае:

– Ва ўсіх музейных справах і пачынаннях падтрымлівае мяне дырэктар нашай школы Міхаіл Казлоўскі. Міхаіл Канстанцінавіч шчыра радуецца, калі прыходзіць «папаўненне», маю на ўвазе музейныя экспанаты, калі пра школу, музей ідзе гаворка на старонках сродкаў масавай інфармацыі, калі наша агульная і вельмі важная справа па захаванні гістарычнай памяці не застаецца па-за ўвагай і адзначаецца граматамі, дыпломамі ад раённага да абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў.
Не ўяўляе Таццяна Анатольеўна, якім бы было жыццё школьнага музея, каб не яго і яе надзейны сябра, мудры дарадца і вялікі знаўца гісторыі вёскі Дабромысль Сцяпан Куніцкі.

– Паасобку ў рабоце па захаванні і папулярызацыі гістарычнай памяці нашай вёскі нам было б вельмі складана, – працягвае Таццяна Анатольеўна. – Удваіх са Сцяпанам Пятровічам мы становімся куды мацнейшымі! І хаця кажуць, што людзі спазнаюцца ў бядзе, пераканана, у радасцях, у паўсядзённасці, падчас дасягнення поспехаў яны таксама спазнаюцца.

Клецкая прыгажуня

Менавіта так Таццяну Голік па-добраму называе яе верны сябра Сцяпан Куніцкі. І не выпадкова. Жанчына насамрэч прыгожая не толькі з твару, але і сваімі справамі, учынкамі, адносінамі да людзей.

– Спачатку на словах гэтых апускала вочы долу, – прызнаецца жанчына і ўсміхаецца. – А потым прывыкла. Да ўсяго ж, я насамрэч ураджэнка Клецкага раёна, і за гады, што жыву і працую на Івацэвіччыне, паверце, не разгубіла пачуццё любові да роднага і блізкага, усяго таго, што завецца Бацькаўшчынай.

Акрамя таго, што ў Дабромысленскай сярэдняй школе Таццяна Голік кіруе музеем, выкладае гісторыю і грамадазнаўства, некалькі гадзін гэтых прадметаў яна вядзе і ў школе, што працуе пры дзіцячым лячэбна-аздараўленчым санаторыі «Сасновы Бор».

– У пасёлку з аднайменнай назвай і мой дом, – кажа субяседніца. – Таму мая малая радзіма не такая ўжо і малая. Бо яна не толькі там, дзе ўпершыню падала голас, але і там, дзе жыву.

Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки