Не назавеш лёгкім лёс 100-гадовай Надзеі Паўлаўны Калінкі – надта глыбокія адмеціны на сэрцы пакінула Вялікая Айчынная вайна. Вялікі артыкул аб гэтай паважанай жанчыне быў надрукаваны 11 студзеня бягучага года з нагоды яе юбілею. Сёння мы зноў нагадаем чытачам аб няпростай жыццёвай дарозе ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны.
Родам яна з Бялавіч. Пачатак вайны застала 16-гадовай дзяўчынай, спазнала голад, холад, дні і ночы, праведзеныя ў лесе. А ў 1944-м пачаўся баявы шлях Надзеі. Адна справа, калі на фронт забіраюць мужчыну, зусім іншае – даведацца дзяўчыне аб тым, што ёй прадстаіць ваяваць.
Яна прайшла кароткі курс навучання ваенна-паветранай абароне і трапіла ў 282 асобны зенітна-артылерыйскі дывізіён. Удзельнічала ў многіх кровапралітных баях. Адказнай задачай, якая клалася на яе кволыя плечы і плечы такіх жа маладых дзесяці дзяўчат, была работа з прыборам упраўлення зенітным артылерыйскім агнём, яна выяўляла і перадавала ў штаб каардынаты варожых самалётаў.
На Радзіму вярнулася Надзея Паўлаўна толькі восенню 1945 года. Працавала сакратаром Бялавіцкага сельсавета, на вузлах сувязі ў Ляхавічах і Ганцавічах, а потым да самай пенсіі ўзначальвала Івацэвіцкае гарадское аддзяленне сувязі.
Сёння былая франтавічка ахутана клопатам і ўвагай сваёй сям’і, да сябе ў Івацэвічы яе забрала дачка Ніна Мікалаеўна. У гэтыя дні ў іх хаце пануе асаблівая атмасфера, а дзверы амаль не зачыняюцца – паважаную ўдзельніцу вайны спяшаюць павіншаваць шматлікія госці, сярод іх – як дарослыя, так і дзеці, якім важна яшчэ і яшчэ раз сказаць шчыры дзякуй за мірнае неба, за шчаслівае жыццё, за свабоду і незалежнасць.