Яўгенія Антонаўна Сіткевіч з’яўляецца равесніцай Зіновія Каланчука – таксама ў чэрвені адзначыць сваё 98-годдзе. І ёй гэтаксама не хочацца пакідаць родныя сцены – дапамагаюць дзеці і сацыяльны работнік.
У трохгадовым узросце і яна засталася без маці, а бацька ажаніўся ў другі раз, і яе, а яшчэ дваіх дзяцей, гадавала мачыха, з якой жыць было вельмі нялёгка.
Бацьку расстралялі ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі, а іх хату спалілі. Яўгенія ж ледзь не трапіла ў Германію, таму вымушана была хавацца ў лесе. З той пары і пачалося яе супрацоўніцтва з партызанамі. Не раз яна хадзіла на баявыя заданні, а яшчэ даглядала хворых і раненых у медсанчасці. Сярод партызанаў яна сустрэла сваё першае каханне – Івана Сіткевіча, аднак той падчас вайны загінуў.
Толькі пасля вызвалення раёна Яўгенія Антонаўна вярнулася ў родную Харошчу, а куды падацца – было невядома, бо мачыха да сябе не прыняла. Дзякаваць богу, знайшоўся ў вёсцы добры чалавек – цётка Каця, яна да сябе дзяўчыну і прытуліла.
У канцы 1945 года з фронту вярнуўся аднавясковец Валодзя Сіткевіч, пасля цяжкага ранення ў нагу ён стаў інвалідам. За яго замуж і пайшла Яўгенія. І ўжо разам Сіткевічы будавалі сваю хату ды нажывалі дабро.
Яе родным хочацца як мага далей прадоўжыць «восень» жыцця сваёй мамы, бабулі і прабабулі, для іх, як і для ўсіх нас, яна – прыклад стойкасці і самаадданасці.