Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет Победы советского народа в Великой Отечественной войне

Ахвяры генацыду на тэрыторыі дабромысленскай і волькаўскай зямель

10/04/2025 11:41

 Ахвяры генацыду на тэрыторыі дабромысленскай і волькаўскай зямель

Трагедыі і войны, якія перажыты ўсім народам, не забываюцца, наадварот, яны помняцца на працягу стагоддзяў і становяцца тым стрыжнем, вакол якога фарміруецца нацыя. Генацыд – гэта самае страшнае праяўленне антычалавечнасці, якое ніколі не сатрэцца з людской памяці. Мы не можам ужо на працягу 80 гадоў забыць тыя зверствы фашыстаў, якія адбыліся ў час Вялікай Айчыннай вайны.

«Маштабы трагедыі, маштабы таго, што было тут, у нашай краіне, трэба яшчэ будзе вельмі сур’ёзна асэнсаваць», – адзначыў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед.

Па звестках кнігі «Памяць», на тэрыторыі Дабромысленскага краю падчас вайны 1941-1945 гг. загінуўшых партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў – 56 чалавек; загінуўшых воінаў-землякоў – 108 чалавек, а, згодна з «Актами установленных злодеяний немецко-фашистских захватчиков по Барановичской области», расстраляных, павешаных, закатаваных грамадзян – 65 чалавек; сагнаных у нямецкае рабства – 73 чалавекі.

З успамінаў Надзеі Мікалаеўны Голуб, ураджэнкі і жыхаркі вёскі Сялец:

– У вёску часта наведваліся немцы. Нашу сям’ю яны лічылі партызанскай. Страшная і бесчалавечная трагедыя ў нашай сям’і адбылася восенню 1942 года. Раніцай тата пайшоў паглядзець свае палеткі, якія знаходзіліся недалёка ад нашай хаты. Мяне і сястру Лёлю ўзяў з сабою. Мая сястрычка Верка пасвіла на поплаве, недалёка ад нашай хаты, карову і авечак. Сястрычкі Варварка і Танечка засталіся дома. У сяло ў чарговы раз прыехалі нямецкія карнікі. Я, сястра Лёля і тата ўбачылі, што гэтыя нелюдзі акружылі нашу хату, а потым аблілі яе нечым і падпалілі, падкідаючы салому. Некалькі немцаў стаялі каля хаты з аўтаматамі ў руках. Мы ўбычылі, як успыхнула полымя агню ўверх. У гэтым агні згарэлі мае дарагія і любыя сястрычкі Варвара і Танечка. Варварка нарадзілася ў 1922 годзе, а Танечка – у 1930-м. Сястру Верку, 1932 года нараджэння, гэтыя нелюдзі застрэлілі на поплаве. Яна спрабавала ўцячы, але немец дагнаў яе… Усё гэта адбывалася на нашых вачах! А мае сястрычкі хацелі жыць, кахаць, гадаваць дзяцей, радавацца сонцу…

З успамінаў сясцёр Лідзіі Васільевай і Таццяны Сяргейчык, ураджэнак вёскі Дабромысль:

– Пра трагічны лёс нашага родзіча Якава Іванавіча Лазарчука расказала нам некалі наша бабуля Наталька, матуліна маці. Вось што мы запомнілі. У пачатку вайны ў вёску прыйшлі немцы. Акупанты пачалі масава расстрэльваць людзей яўрэйскай нацыі і тых, хто дапамагаў ім. У хуткім часе немцы прыйшлі да Якава Іванавіча ў хату. Абшукалі ўсё, але нікога не знайшлі. Тады вывелі сям’ю з хаты і павялі па вуліцы. Унучка Юзіка дома не было. Калі яны іх вялі, ён выйшаў з суседняга двара і пайшоў ім насустрач. Бабуля пазвала яго да сябе, прытуліла да сваіх грудзей. Думала, што немцы яго адпусцяць. Але не адпусцілі. Разам з дзедам і бабай павялі на бераг ракі Шчары. Там іх і расстралялі, а людзям прыказалі не хаваць. Але ноччу родзічы і аднавяскоўцы пахавалі іх на могілках. Толькі не насыпалі надмагільных курганкоў, каб немцы не здагадаліся…

З успамінаў Валянціны Пятроўны Субоцька, ураджэнкі вёскі Дабромысль:

– Аб трагедыі нашай сям’і мне расказала мая маці Таццяна Іосіфаўна Субоцька. Яе сястра Валянціна Іосіфаўна перад вайной выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая Хвясько. У іх нарадзілася дачка Ірына. З пачаткам вайны Мікалай пайшоў у партызаны. У адзін з дзён 1942 года ў вёску Дабромысль прыехалі немцы і пачалі шукаць сем’і, якія дапамагаюць партызанам. Даведаўшыся аб гэтым, Валянціна з гадавалай дачушкай Ірынай уцяклі ў лес і схаваліся ў хаце лесніка. Больш іх ніхто не бачыў. Фашысты знайшлі іх і спалілі ў гэтай хаце…

З успамінаў Анастасіі Мікалаеўны Сухадольскай, ураджэнкі Дабромысля, жыхаркі вёскі Сялец.

– 10 верасня 1942 года адбылася ў вёсцы страшная трагедыя. З’явіліся ў ёй немцы і пачалі выганяць з хат усіх мужчын. Адныя ішлі з аднаго боку вуліцы, а другія – з другога. Паклалі ўсіх мужчын на дарогу, прыказалі легчы тварам да зямлі і не варушыцца. Паставілі кулямёт. Пачалі правяраць дакументы. Пакінулі ляжаць на зямлі шэсць чалавек, а астатніх адпусцілі. Вывелі гэтых людзей на поплаў і расстралялі. Хаты расстраляных людзей падпалілі і пакінулі вёску. І сёння памятаю, як гарэлі гэтыя хаты, як людзі тушылі іх, каб не загарэліся іншыя. Потым гаварылі, быццам нехта немцам данёс аб тым, што ўсе расстраляныя былі звязаныя з партызанамі. Было вельмі страшна.

Нехта данёс немцам аб тым, што жыхар вёскі Закаплічча Аляксей Несцеравіч Мінчык – былы савецкі актывіст. Ён з 1939 па 1941 год быў старшынёй Дабромысленскага сельскага Савета. У хуткім часе фашысты пераступілі парог хаты Аляксея Несцеравіча. Амаль усю яго сям’ю спачатку расстралялі, а потым спалілі ў хаце. Загінуў Аляксей Несцеравіч, яго жонка і маці, дочкі Шура і Воль-
га. У гэты час дома не было сына Валодзі і дачушкі Зоські. Валодзя недалёка ад хаты пасвіў гусей, а Зоська была ў суседзяў. Калі Валодзя ўбачыў, што гарыць іх хата, прыбег пад яе. Немцы схапілі яго і кінулі ў агонь. У якім толькі лесе гадавалася гэтае звяр’ё! Гэтай жорсткасці і бесчалавечнасці няма апраўдання. Зоська была ў суседзяў. Калі ішла да сваёй палаючай хаты, на вуліцы стаяла Наталька Маісеева і забрала дзяўчынку да сябе ў хату, нікуды не адпусціла. Так яна адна выратавалася з сям’і Аляксея Несцеравіча…

З успамінаў Веры Ігнатаўны Субоцька, ураджэнкі і жыхаркі в. Закаплічча:

– Калі пачалася вайна, мне было дзевяць гадоў. Ужо ў 1942 годзе гэтыя нелюдзі расстралялі ў нашых вёсках больш за 20 чалавек. Расстрэльвалі актывістаў, палілі партызанскія сем’і і знішчалі яўрэйскае насельніцтва. Многія яўрэйскія сем’і ўцякалі з Быцені і хаваліся па навакольных вёсках. Сям’я з трох чалавек прыйшла хавацца ў нашу вёску. Праўда, людзі баяліся і не пускалі іх у хаты. Яны пасяліліся ў старэнькай хатцы, дзе ніхто не жыў. Я пазнаёмілася з іх дачкою, яе звалі Іда. Мы былі равесніцамі. О, як яна гаварыла пра свае дзіцячыя мары! Але гэтым марам здзейсніцца не прыйшлося. Нехта данёс немцам, што ў нашай вёсцы жыве яўрэйская сям’я. І ў 1942 годзе гэтыя нелюдзі расстралялі бацькоў і Іду. Я па сённяшні дзень бачу ўсіх іх перад сваімі вачыма…

На тэрыторыі Волькаўскага краю падчас вайны 1941-1945 гг. па звестках «Актов установленных злодеяний немецко-фашистских захватчиков по Барановичской области» расстраляных, павешаных, закатаваных грамадзян – 27 чалавек; сагнаных у нямецкае рабства – 9 чалавек; па звестках кнігі «Памяць» – загінуўшых партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў – 29 чалавек; загінуўшых воінаў-землякоў – 96 чалавек.

З успамінаў Соф’і Станіславаўны Канявега, жыхаркі вёскі Волька:

– Старэйшы брат Аляксей Іванавіч Мізгір быў у партызанах. У час аблавы карнікі схапілі яго бацьку, маці і сястру. Расстралялі іх на месцы, разам з сям’ёй Каўтунікавых. Бацьку і маці пахавалі адразу, а сястра была паранена і пражыла суткі. Аляксей пазней загінуў у партызанах. Так, з сям’і загінулі: Мізгір Іван Віктаравіч (бацька), Мізгір Паўліна Станіславаўна (маці), Мізгір Соф’я Іванаўна, Мізгір Аляксей Іванавіч. Астатнія члены сям’і – сястра і два браты – збеглі падчас аблавы і таму засталіся жывыя…

З успамінаў Паўла Антонавіча Карачуна, жыхара вёскі Волька:

– Мой брат, Іван Антонавіч Карачун, быў у партызанскім атрадзе, а малодшы брат Пеця быў у партызан сувязным. Прыехалі карнікі. Усіх жыхароў, якія збягалі ў лес, яны пастроілі на паляне ўрочышча «Узбішча-Залессе». У гэты час войтам быў схоплены Пеця. Яго адвялі метраў на 50 ад аднавяскоўцаў, жорстка здзекаваліся, калолі штыкамі, а потым забілі. Пахавалі Пятра праз некалькі дзён на могілках тайна. Праз тры дні прыехалі немцы і расстралялі на могілках нашу сям’ю: Карачун Людвігу Паўлаўну (маці), Карачун Марыю Антонаўну (сястру), Карачун Алену Антонаўну (сястру), Карачун Яніну Антонаўну (сястру), Карачун Соф’ю Антонаўну (сястру). Калі забіралі сям’ю на расстрэл, бацькі не было дома. Камандзір партызанскага атрада адправіў у разведку ў в. Волька майго брата Івана. Калі бацька даведаўся, што Ваня ў вёсцы, яны сустрэліся ў хаце цёткі Карачун Марыі Іосіфаўны (Зоіха). Солтыс высачыў іх і пазваніў немцам у в. Чамялы. Яны ацапілі хату і схапілі бацьку з сынам. Павезлі ў в. Ямічна, там жорстка здзекаваліся: рукі звязалі калючым дротам і павесілі. Жыхары в. Ямічна таму сведкі. Так загінулі мой бацька і брат Ваня. З нашай вялікай сям’і засталіся жывымі толькі я і Аляксей таму, што падчас аблавы мы пасвілі кароў і знаходзіліся далёка ад вёскі.

Мы павінны захаваць памяць і ўспаміны аб гераізме нашых аднавяскоўцаў, бо ўдзельнікі той страшнай вайны заваявалі нам мірнае неба. Трагедыя 10 верасня 1942 года ў в. Дабромысль і па сённяшні дзень жыве ў памяці аднавяскоўцаў. Кожны год у Свята-Мікалаеўскай царкве служыцца паніхіда па нявінных ахвярах фашысцкага тэрору. На тэрыторыі дабромысленскай і волькаўскай зямлі ўшаноўваецца памяць аб ахвярах генацыду падчас правя-
дзення Вахты Памяці.

Сцяпан Куніцкі, Таццяна Голік.

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки