Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
Главная // Новости

З любоўю да песні: 50 гадоў споўнілася народнаму ансамблю «Каланянка» Амяльнянскага СДК

28/03/2025 11:12

 З любоўю да песні: 50 гадоў споўнілася народнаму ансамблю «Каланянка» Амяльнянскага СДК


22 сакавіка ў Амяльнянскім сельскім Доме культуры прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны юбілею аднаго са старэйшых творчых калектываў раёна – народнага ансамбля «Каланянка», які ўжо паўстагоддзя беражліва захоўвае і папулярызуе традыцыі і абрады сваіх продкаў.

Шмат прыгожых ды звонкіх песень выканаў у гэты вечар ансамбль, парадаваў сваіх адданых прыхільнікаў байкамі і частушкамі, а гледачы кожны раз дарылі артыстам бурныя апладысменты, дзякуючы ім за талент. Святочны вечар быў пранізаны радасцю сустрэч, ноткамі настальгічнага суму і цёплых успамінаў – яны знаходзілі сваё адлюстраванне ў шматлікіх словах са сцэны, архіўных фотаздымках і відэа, якія то і справа дэманстраваліся на вялікім экране.

У далёкім 1975 годзе на базе Коланскага сельскага клуба быў створаны фальклорны калектыў. Ля яго вытокаў стаялі Надзея Заяленчыц і Ганна Сагановіч, якія сабралі вакол сябе галасістых аднавяскоўцаў, што сваім талентам стварылі непаўторны каларыт творчага калектыву. Складаўся ён толькі з жыхароў Коланска, таму і назва ў ансамбля атрымалася такая.

Калектыў шчыра працаваў на энтузіязме і любові да свайго, народнага, каб зберагчы і перадаць тую спадчыну з яе прыгажосцю і аўтэнтычнасцю, што засталася ад старэйшага пакалення. І намаганні былі недарэмнымі – «Каланянка» хутка заваявала прызнанне і любоў гледача. У 1994 годзе фальклорна-этнаграфічнаму ансамблю было прысвоена ганаровае званне народнага, якое ён з лёгкасцю пацвярджае высокаму журы кожныя пяць гадоў. За плячыма – больш за тысячу выступленняў і сустрэч з гледачамі ў розных канцэртных залах раёна, вобласці, рэспублікі і нават за яе межамі, а ў скарбонцы – мноства ўзнагарод з фестываляў і конкурсаў. Самабытныя абрады «Каланянкі» дэманстраваліся не раз на рэспубліканскім тэлебачанні, пра іх пісалі СМІ, шмат артыкулаў ансамблю прысвячала і наша раёнка. Што цікава, касцюмы былі зроблены рукамі жанчын гэтага калектыву і перадаюцца яго ўдзельніцам, як і рэпертуар, таксама ў спадчыну.

За гэты перыяд змяніўся склад калектыву і даўно выйшаў за межы Коланска, да яго далучыліся жыхары Амяльной, Гліннай, Целяханаў і Краглевічаў. Сёння «Каланянка» – гэта 11 галасістых, шчырых і ўлюбёных у сваю справу людзей: кіраўнік Надзея Гацуковіч, акампаніятар Вадзім Галоўчык, выканаўцы Таццяна Янковіч, Іван Прыгодзіч, Аляксей Собка, Уладзімір Сліж, Людміла Шаўчук, Алена Роік, Марыя Агрэніч, Любоў Драня і Юлія Гараднічук.

вой значымы след у калектыве пакінулі і былыя ўдзельнікі, многія з іх, на жаль, ужо пайшлі з жыцця – іх падчас канцэрта ўспаміналі пайменна. Раздзяліць радасць свята ў гэты дзень прыйшлі тыя, хто звязаны з «Каланянкай» лёсам, сярод іх і Вольга Собка.

Яны ўзнімаліся на сцэну, дзяліліся сваімі ўспамінамі і зычылі «Каланянцы» доўгіх гадоў творчага жыцця і плёну, а яшчэ сваімі галасамі разам з дзеючымі ўдзельнікамі зладжана спляталіся ў звонкай песні, яскрава дэманструючы самабытную манеру паляшуцкага выканання.

У ліку ганаровых гасцей віноўнікаў урачыстасці віншавалі з юбілеем начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Чалык, былыя начальнікі аддзела культуры Любоў Фосцікава, Ірына Радзюк, дырэктар Івацэвіцкага РДК Жанна Васілевіч, загадчык метадычнага аддзела Людміла Молаш, даўнія сябры ансамбля Алена Цыбульская, Алена Цітова, Алена Шэлест і іншыя. Безумоўна, не абышлося ў гэты вечар без кветак і падарункаў.

Канцэртную праграму падхоплівалі артысты Амяльнянскага СДК, вакальны гурт «Вяскоўцы» і аматарскае аб’яднанне «Аэробіка і спартыўны танец».

«Пакуль жыву – пяецца, а пакуль пяю – жывецца!» – гэтыя пранікнёныя словы кіраўніка народнага ансамбля Надзеі Гацуковіч падчас урачыстасці гучалі кранальным дэвізам. Дык няхай яшчэ доўгія гады звонка пяецца і добра жывецца ўсімі любімай «Каланянцы»!

Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки