Паэт-сатырык з Івацэвіч атрымаў Гран-пры ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Папяровы бусел»
Сёлетняя Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая з 12 па 16 сакавіка праходзіла ў Мінску, сабрала рэкордную колькасць наведвальнікаў – больш за 50 тысяч людзей. Прынялі ўдзел у XXXII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы і івацэвіцкія пісьменнікі – Віктар Рэчыц і Святлана Сцепанчук.
Падчас адкрыцця выстаўкі міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў:
– Гэтая выстава на працягу многіх гадоў з’яўляецца адной з самых яркіх падзей у духоўным жыцці Беларусі. Аб’ядноўваючы пісьменнікаў, выдаўцоў, аматараў новых і цікавых кніг з розных краін, Мінская міжнародная выстава набыла заслужаную вядомасць у свеце. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўдзел у ёй гасцей з 20 краін свету. Арганізатары выставы ўдзячны гасцям Беларусі за прадстаўленне сваіх твораў беларускаму чытачу.
Творцы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выступілі на галоўнай пляцоўцы з праграмай «Брэсцкай крэпасці праўда святая» і прадэкламавалі свае вершы.
Яркай падзеяй другога дня кніжнага форуму стала падвядзенне вынікаў трэцяга рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Папяровы бусел». Яго арганізатары – Саюз пісьменнікаў Беларусі і газета «Літаратура і мастацтва». Ідэя стварэння творчых спаборніцтваў і ажыццяўленне цудоўных вандровак у свет баек, пародый, гумарыстычных вершаў і апавяданняў належыць членам Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У гэтым сезоне на конкурс паступіла аж 569 твораў 253-х аўтараў з усіх куткоў Беларусі. У выніку пераможцамі ў розных намінацыях сталі 13 аўтараў. Сярод іх Веніямін Бычкоўскі з вёскі Бабровічы, які атрымаў узнагароду ў намінацыі «Мудрасць з усмешкай. Гумарыстычная казка», а ўладальнікам Гран-пры ў намінацыі «Паэзія» стаў Віктар Рэчыц з Івацэвіч.
На пляцоўцы Брэсцкай вобласці пісьменнікі працягнулі паэтычны марафон і прапанавалі гасцям прыняць удзел у «Павольных чытаннях» лістоў з фронту, якія сабраны ў кнізе брэсцкага пісьменніка Аляксандра Валковіча.
Віншуем Віктара Трафімавіча з перамогай у конкурсе!
Крыніца: ivatsevichy.by