Сёння па ўсёй краіне адзначаюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.



На цэнтральнай плошчы горада Івацэвічы было шматлюдна: кіраўніцтва раёна, дэпутацкі корпус, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя, моладзь, жыхары і госці райцэнтра сабраліся, каб з асаблівым гонарам ушанаваць галоўныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі.


Для сапраўднага грамадзяніна няма нічога больш святога і даражэйшага за сцяг, гімн і герб роднай краіны. Гледзячы на іх, кожны з нас адчувае сябе неадʼемнай часткай адзінай вялікай сям’і, імя якой – беларускі народ.

Нашы дзяржаўныя сімвалы – увасабленне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, сведчанне пераемнасці гістарычных традыцый і імкнення нашага народу да міру і стваральнай працы. Аб гэтым у сваіх выступленнях гаварылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Кузьмін.


Слова ад маладого пакалення трымаў навучэнец СШ № 1 г. Івацэвічы імя У. Гука Ягор Палій.
Па традыцыі Клятвы вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь прынеслі прадстаўнікі маладога пакалення Івацэвіччыны.


У гэты святочны дзень ганаровае права ўзняць сцяг Рэспублікі Беларусь было дадзена Генадзю Сліжу, начальніку штаба, першаму намесніку начальніка 174 вучэбнага палігона ВПС і войск СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь; Людміле Ільянковай, дырэктару ДУВП «Жыллёва-камунальная гаспадарка», чалавеку года Брэстчыны; і Ягору Палію, выдатніку вучобы, лаўрэату прэміі Брэсцкага аблвыканкама, дыпламанту І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.




Нашы дзяржаўныя сімвалы стваралі людзі, адухоўленыя высокімі ідэямі, людзі, якія добра ўсведамляюць каштоўнасць незалежнасці і чыстага мірнага неба на зямлі. І сёння, выконваючы гімн на галоўнай плошчы раёна, кожны з нас адчуваў сябе неад’емнай часткай вялікай сям’і — беларускага народа. І гэта ганарова – быць беларусам!




Прыгожым дапаўненнем свята сталі песенныя і танцавальныя нумары артыстаў Івацэвіцкага РДК, дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы і школы танцаў ALINA CLUB.
Крыніца: https://ivatsevichy.by/