Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Вызначаны пераможцы раённага праекта «Малады працаўнік сяла» ў дзвюх намінацыях

10/03/2024 08:11

 
Другі год запар у Івацэвіцкім раёне аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні рэалізуецца праект «Малады працаўнік сяла». Нагадаем, што праект прызваны папулярызаваць сярод моладзі прафесіі сферы аграпрамысловага комплексу, удзел у ім бяруць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, якія пражываюць у раёне і працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях.

Аб тым, што сельская праца – гэта лад жыцця, які патрабуе поўнай самааддачы, а ад асабістай добрасумленнасці залежыць дабрабыт і харчовая бяспека нашай краіны, не па чутках ведаюць і сёлетнія пераможцы праекта. Так, у намінацыі «Лепшы аператар машыннага даення» пакуль няма роўных Ганне Абрамчук з ААТ «Святая Воля», бо і ў мінулым годзе яна была пераможцам сярод маладых даярак. А вось лепшы малады аператар жывёлагадоўчых ферм і комплексаў працуе ў ААТ «Квасевічы» – гэта Васілій Патрубейка. 29 лютага ўшанаваць маладых аграрыяў шчырымі словамі падзякі і падарункамі ў таварыствы наведаліся першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Шамярэй і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Сяўко. У размове з ганаровымі гасцямі маладыя працаўнікі сышліся ў адным: на вёсцы таксама можна жыць камфортна і знайсці работу па душы.
Здаецца, парадокс, але 28-гадовая аператар машыннага даення МТФ «Святая Воля» Ганна Абрамчук мае ўжо амаль 13 гадоў працоўнага стажу. З пісьмовага дазволу бацькоў яе, 15-гадовую дзяўчыну, узяў на працу дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Любушак. На той час Ганніна сям’я пераехала з Целяхан у Святую Волю, а ў гаспадарцы і да гэтай пары працуюць яе бацькі. І, па ўсім відаць, кіраўнік не памыліўся з такім рашэннем, бо Ганна заўсёды старанна і адказна адносіцца да сваёй работы, пра гэта сведчыць і асабісты паказчык: яе надой на карову ў 2023 годзе склаў 9 857 кг, пры гэтым сярэдні па раёне – 6 917 кг. Вясковы ўклад жыцця Ганне па душы. Муж Яўгеній, між іншым, таксама шчыра і аддана працуе ў «Святой Волі», ён трактарыст. Разам яны выхоўваюць сямігадовую дачушку, атрымалі ад ААТ дом з усімі выгодамі і ўжо нават паспелі яго прыватызаваць. Ніякіх сакрэтаў у сваёй рабоце Ганна не мае, трэба толькі старанна выконваць даручаную справу, лічыць яна.
– Добры надой залежыць ад якасных кармоў, а вось ласка і клопат, увага да кожнай кароўкі – таксама важны складнік у дасягненні высокіх паказчыкаў, – кажа маладая аператар машыннага даення.
На МТФ у змене разам з Ганнай працуе яшчэ дзве даяркі, першая дойка пачынаецца ў 5 гадзін раніцы, заканчваюцца работы пад абед, потым невялікі перапынак у пару гадзін – і трэба зноў спяшацца на вячэрнюю дойку, а дахаты вяртаецца маладая маці і жонка, калі дачушка ўжо спіць. І такі напружаны працоўны дзень чаргуецца з выхадным. Ды і ў выхадны клопату шмат: стварыць парадак і ўтульнасць у доме, вырасціць ураджай у агародзе, дагледзець гаспадарку і пры гэтым заўсёды самой выглядаць на выдатна – усё паспявае Ганна. Калі выдаецца вольны час, Абрамчукі разам любяць махнуць на рыбалку – такі ціхі сямейны адпачынак ім даспадобы. А што яшчэ патрэбна для простага шчасця людскога?


Сваім уласным прыкладам даказаў, што дабіцца поспеху магчыма, застаўшыся жыць і працаваць на сяле, і 28-гадовы аператар жывёлагадоўчых ферм і комплексаў ААТ «Квасевічы» Васілій Патрубейка. Родам ён са Століншчыны. Скончыў Пінскі прафесіянальна-тэхнічны каледж машынабудавання па спецыяльнасці токар-аператар ЭВМ, але ні дня не працаваў па атрыманай прафесіі.
Яшчэ студэнтам пазнаёміўся з будучай жонкай, яна родам з Квасевіч, на той час вучылася ў Пінскім сельскагаспадарчым ліцэі. Так, маладыя разам і адправіліся працаваць у сельскую гаспадарку. Спачатку ў СВК «Косава», потым Святлана пайшла ў дэкрэтны адпачынак, а Васілій працаваў у СВК «Валішча» Пінскага раёна, і з цягам часу шляхі-дарогі прывялі іх на малую радзіму Святланы, тут Патрубейкі і аселі, уладкаваліся на працу ў ААТ «Квасевічы». У сям’і пад-
растаюць і памочнікі – сын Сяргей і дачка Яўгенія. Хоць і прапаноўвала кіраўніцтва ААТ ім дом, але пакуль ісці на свае квадратныя метры маладыя не рашаюцца, зручней жыць разам з цешчай. Як і многія дбайныя вяскоўцы, Патрубейкі і пасля работы не сядзяць склаўшы рукі: трымаюць падсобную гаспадарку, даглядаюць агарод і цяпліцы, вырошчваюць
бульбу ў полі…
– Пасля сканчэння каледжа мне прапаноўвалі работу і на МТЗ, і на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній імя Машэрава, аднак шумны горад не для мяне, мне па душы вёска, – кажа малады жывёлавод.
Любоў да сельскай працы жыве ў ім з дзяцінства, бо вырас у вёсцы, а перад вачыма заўсёды быў працоўны прыклад бацькоў.
На жывёлагадоўчым комплексе «Юрчыкі» Васілій Патрубейка шчыруе каля 8 гадоў. Кожны дзень на работу яго дастаўляе службовая машына. У групе цялят, за якую ў адказе Васілій, 157 галоў. За 2023 год жывёлавод дасягнуў сярэднясутачнай прывагі маладняку ў сваім аддзяленні ў 970 грамаў. Такая ўнушальная лічба адлюстроўвае ўсе прыкладзеныя да сваёй справы намаганні і старанні. А яны перыядычна адзначаюцца кіраўніцтвам ААТ «Квасевічы», раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК, прывялі ў тым ліку і да перамогі ў праекце «Малады працаўнік сяла».
Ужо неаднаразова карыстаўся Васі-
лій магчымасцю адпачыць і падлячыцца ў санаторыі па пуцёўцы ад прафсаюза. Вось і зараз выдалася магчымасць, таму на наступны дзень пасля сустрэчы з ганаровымі гасцямі і гучных віншаванняў з перамогай у маладзёжным праекце ён адправіўся ў «Буг».
Як кажуць, па працы і пашана, але не дзеля ўзнагарод шчыруюць нашы сціплыя працаўнікі Ганна Абрамчук і Васілій Патрубейка. Яны проста добрасумленна і адказна адносяцца да даверанай ім справы, а гэта яўны шлях да поспеху.
Аксана Цярэшка, фота аўтара.

Крыніца: https://ivatsevichy.by/

 

К списку новостей

Полезные ссылки