Целяханскі лясгас будуе новы дрэваапрацоўчы цэх і не плануе адмаўляцца ад старога
ДЛГУ «Целяханскі лясгас» – прадпрыемства, якое займаецца лесагаспадарчай і камерцыйнай дзейнасцю, у мінулым годзе сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі санкцыі, што паставілі крыж на экспарце прадукцыі лясгаса – піламатэрыялаў – у краіны Еўропы. Прыйшлося шукаць новыя рынкі збыту, рэанімаваць вытворчасць, вучыцца зарабляць і эканоміць, каб расплаціцца па рахунках і паспяхова выконваць свае асноўныя абавязкі.
У складаны для прадпрыемства перыяд яго ўзначаліў Дзмітрый Дземідовіч, які прайшоў шлях ад лесаруба да дырэктара. Да выканання абавязкаў ён прыступіў у жніўні мінулага года. Прынятыя з той пары рашэнні дапамаглі пераадолець крызіс. У планах – мадэрнізацыя вытворчасці, якая дасць магчымасць для далейшага развіцця.
Дзмітрый Дземідовіч – ураджэнец в. Рэчкі. Пасля школы вучыўся ў Барысаўскім прафесійным экалагічным ліцэі, Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, які скончыў з выдатнымі адзнакамі. Яшчэ да ліцэя паспеў папрацаваць лесарубам у Руднянскім лясніцтве і разлічваў, што пасля каледжа будзе размеркаваны на малую радзіму. Аднак не склалася – працоўны шлях як дыпламаваны спецыяліст пачынаў у Клятнянскім лясніцтве, дзе быў слаўны калектыў, дзе атрымаў каласальны вопыт.
Працуючы ў Клятной, завочна вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, атрымліваў спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі, і неўзабаве пайшоў на павышэнне – стаў памочнікам ляснічага ў Руднянскім лясніцтве і прапрацаваў у ім шэсць гадоў.
Новая прыступка ў кар’еры – пасада ляснічага, праўда, у адстаючым па ўсіх пазіцыях Парэцкім лясніцтве. Літаральна за некалькі гадоў яно стала адным з лепшых у Целяханскім лясгасе: пабудавалі новую кантору з выгодамі, з лазняй, добраўпарадкавалі паркавую тэрыторыю і працавалі належным чынам. Калі Дзмітрый Анатольевіч атрымаў прапанову ўзначаліць Целяханскі лясгас, то некаторы час вагаўся – усё ж адказнасць вялікая, становішча няпростае. Аднак рассудзіў, што стаць кіраўніком у цяжкія часы – гэта і няблага, бо яны навучаць працаваць. Першае, што патрэбна было зрабіць неадкладна – павялічыць аб’ём вытворчасці (прадпрыемства мае свой дрэваапрацоўчы ўчастак, які з-за цяжкасцей са збытам прадукцыі працаваў не ў поўную моц). Другое – разлічыцца па лізінгу да канца года. Гэта атрымалася здзейсніць. Адказваючы на пытанні журналіста, дырэктар расказаў пра бягучы стан спраў і пра свае планы.
– Дзмітрый Анатольевіч, перш-наперш давайце пагаворым пра лесагаспадарчую дзейнасць – аднаўленне, ахову лясоў. У рамках акцыі «Адновім лясы разам!» у Целяханскім лясгасе ўзноўлены 110 га лесу. Ці выкананы план? Якім пародам аддаяце перавагу?
– План нават перавыкананы! Дзякую ўсім, хто далучыўся да акцыі і дапамог работнікам лесу ў гэтай добрай і важнай справе. Што тычыцца парод, то з-за перамены клімату стараемся ў меншай колькасці садзіць ёлку еўрапейскую. З-за глабальнага пацяплення арэал яе пражывання змясціўся на поўнач, у Брэсцкай вобласці ёлка, што любіць вільгаць і цень, стала ўсыхаць. У прыярытэце – сасна, ёлку замяняем на алешыну, бярозу. 55 % пасадак утвораны палепшаным селекцыйным пасадачным матэрыялам, які набываем у Івацэвіцкім вопытным лясгасе, астатні матэрыял вырошчваем ва ўласным гадавальніку плошчай 4,9 га. Для больш эфектыўнага лесааднаўлення і аховы лесу сёлета плануем набыць новыя бароны, плугі, культыватары для супрацьпажарных работ.
– Падыходы ў лесакарыстанні таксама мяняюцца?
– Зараз мы стараемся асвойваць лесасекі мяккалістых парод – алешыны, бярозы, асіны – у сувязі з попытам на такую драўніну: сочым за рынкам, за цэнамі, каціроўкай на круглы лес. Калі раней працэнт асвойвання мяккалістых парод у агульнай разліковай лесасецы быў каля 45 %, то цяпер наблізіўся да 80 %. Мы дабраліся да цяжкадаступных дзялянак. Прыбіраем і хвойныя, якія ўсыхаюць. Гэта нізкаякасная драўніна, і тым не менш яна ідзе на перапрацоўку, на экспарт. Разліковая лесасека цяпер асвойваецца ў поўным аб’ёме, хоць у мінулым годзе выконваць гэтую работу дапамагалі іншыя лясгасы. Насельніцтва можа выпісаць у нашых лясніцтвах дровы – колатыя, у круглым выглядзе, аполак. Дарэчы, сёлета ў лізінг плануем набыць харвестэр і фарвардэр «Амкадор». І набываем два грузавыя МАЗ-МАНы – не новыя, аднак у добрым стане.
Тэрыторыя Целяханскага лясгаса – 105 тыс. га ў Івацэвіцкім, Пінскім, а з гэтага года – і ў Лунінецкім і Ганцавіцкім раёнах. У складзе лясгаса – 12 лясніцтваў. Сваю лесагаспадарчую дзейнасць на нашай тэрыторыі вядуць і лесакарыстальнікі-арандатары, сярод якіх НП «Белавежская пушча», «Пінскдрэў» і іншыя. Не выключаю, што іх стане менш, бо мы расшыраем вытворчасць праз будаўніцтва новага дрэваапрацоўчага цэха, і нам спатрэбяцца выдзеленыя арандатарам участкі лесу.
Дадам, што зараз мы змагаемся за якасную сарціроўку драўніны па пародах, групах, гатунках, за рацыянальную распілоўку і рацыянальны падбор участкаў для нарыхтоўкі драўніны. Ну і працуем з пад’язнымі шляхамі да дзялянак – рамантуем лясныя дарогі.
– Вы згадалі пра будаўніцтва новага цэха. На якім яно этапе? І якія магчымасці адкрые цэх перад прадпрыемствам?
– Будаўніцтва распачалося некалькі гадоў таму, аднак было замарожана. Паспелі зрабіць фундамент, устанавіць шэраг металаканструкцый – і ўсё. Прапаноўвалася зрабіць на гэтым месцы навес для часовага захоўвання прадукцыі, і ўсё ж вырашылі дабудаваць цэх, закупіць новую лінію – пайсці па шляху мадэрнізацыі. Старая лінія патрабуе пастаянных грашовых укладанняў на запчасткі, аднак не дае таго эфекту, на які разлічваем. Новая дазволіць нарасціць аб’ём вытворчасці ў два разы (з 1 100 м3 піламатэрыялаў у месяц да 2 500 м3), павысіцца якасць прадукцыі, паменшыцца яе сабекошт. На новым абсталяванні можна будзе распілаваць не толькі хвойныя, але і мяккалістыя пароды – заказы ёсць. І падкрэслю – распілаваць больш якасна. За якасную прадукцыю гатовы плаціць і ў Беларусі, да таго ж яна адкрые для нас новыя рынкі за мяжой.
Будаўніцтва цэха ўзнавілі ў мінулым годзе, паставілі, як кажуць, каробку – сцены, дах, вядуцца ўнутраныя работы. Праводзіцца працэдура закупкі абсталявання. Плануем запусціць там вытворчасць у 2024 годзе, а потым возьмемся за мадэрнізацыю старога цэха – заменім не ўсю лінію, а некалькі станкоў, замест старых піларам з’явяцца стужачныя. Мадэрнізуем і сушылку – будынак новы, аднак заменім у ім катлы на больш магутныя.
– Магчыма, у цэху плануецца ўкараняць і новыя віды прадукцыі? Ёсць лясгасы, якія вырабляюць зрубы дамоў…
– Не бачу пакуль у гэтым сэнсу – попыт на піламатэрыялы вялікі. Адзінае, што здаецца перспектыўным, – лінія зрошчвання, якая дасць магчымасці склеіць паміж сабой кавалкі драўніны і атрымаць дошкі. Будзе менш адходаў. Аднак і ў гэтым плане мы прасунуліся наперад. Раней у асноўным адходы ў выглядзе шчапы адпраўляліся на «Івацэвічдрэў». А цяпер мы поўным ходам супрацоўнічаем з прыватнікамі, якія вырошчваюць буякі (голубику) – пастаўляем для іх плантацый шчапу, стружку, кару. Вялікім попытам карыстаюцца апілкі – іх набываюць сельгаспрадпрыемствы.
Дарэчы, пра зрубы дамоў. Плануем набыць адзін такі зруб у калег. Дом-камплект паставім на фундамент, які пабудуем самі – і такім чынам забяспечым новым жыллём кагосьці з работнікаў лясгаса. Калектыў абнавіўся, зараз у ім 386 работнікаў.
– А што лясгас можа прапанаваць у плане палявання і турызму? Ёсць жа ў вас і такі кірунак дзейнасці.
– У лясгаса – свая паляўнічая гаспадарка, у штаце – чатыры егеры. Я таксама праводжу паляванні. Звера ў нашых лясах шмат. Самі штогод адстрэльваем каля 100 галоў аленя і лася. З іх на мясакамбінаце ў Бярозе робяць тушонку. Мясныя кансервы можна набыць у нас на базе – як і бярозавы сок ці мёд. Маем і свой паляўнічы домік – каля г. п. Лагішын, а побач з ім – лазня, зашклёная альтанка. Цяпер мы здаём іх у арэнду як у комплексе, так і паасобку, на суткі і на гадзіны. Каля доміка ёсць бойня, мы яе аднавілі. Там і халадзільныя камеры, і ёмістасці для ўтылізацыі адходаў. Нашы егеры могуць даставіць трафей паляўнічага з лесу, разабраць тушу і, калі трэба, пакінуць у халадзільніку на захоўванне. А паляўнічы ў гэты час можа адпачыць. Яму яшчэ і шашлык прыгатуюць ці юшку. Гэта новы від паслуг. Усе паслугі карыстаюцца попытам.
Дзмітрый Анатольевіч падышоў да арганізацыі работы з веданнем справы і па-гаспадарску. Калектыў зацягнуў паясы і кінуў усе намаганні на атрыманне прыбытку. Падзенне выручкі? Прастой тэхнікі? Халастыя прабегі? Гэта недапушчальна. На ўсёй тэхніцы – навігацыя. Будзе ўкараняцца сістэма ўліку паліва. Штодня на стале ў кіраўніка – справаздача са статыстыкай па падраздзяленнях. Улік, кантроль, парадак, дысцыпліна. Толькі так можна было выйсці з няпростага становішча – на траекторыю ўпэўненага росту, толькі так можна не трапіць у аналагічную сітуацыю зноў.
27 гадоў за станком
Сяргей Віктаровіч прыйшоў на работу ў Целяханскі лясгас адразу пасля арміі. Ад прадпрыемства ў Гомелі вывучыўся на станочніка і працуе на дрэваапрацоўчым участку ўжо 27 гадоў. Некаторы час быў задзейнічаны на пілараме, аднак у асноўным ён – за станком. Цяпер кантралюе працэс распілоўкі бярвён на брус – на лініі, якую ўстанавілі ў 2012 годзе. Да таго моманту даводзілася шмат чаго рабіць уручную, цяпер «стаіш за джойсцікам», многія працэсы аўтаматызаваны. З нецярпеннем работнікі ўчастка, а іх больш за 80, чакаюць адкрыцця новага цэху, дзе будзе больш сучаснае абсталяванне і антураж. Ёсць у іх рабоце мінус – у цэху шумна, працаваць даводзіцца ў навушніках, аднак за гэта і даплачваюць. Сяргей на ўмовы працы не скардзіцца, яго радуе заробак. Працуе добрасумленна, яго імя было і на раённай Дошцы гонару. Усяго сябе прысвячае рабоце, а адпачывае за хатнімі клопатамі – як-ніяк жыве ў прыватным доме, а там мужчыну заўсёды ёсць куды прыкласці рукі. Сяргей родам з Целяхан – дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, і ён задаволены сваім выбарам.
Выручае Кітай
Экскурсію па дрэваапрацоўчым участку, дзе вырабляюць піламатэрыялы, для журналістаў правёў начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ДЛГУ «Целяханскі лясгас» Юрый Юркевіч. Новы цэх – у працэсе будаўніцтва, а ў старым кіпіць работа. Гэтая карціна радуе ўсіх – у сярэдзіне мінулага года было інакш, прадукцыя прадавалася слаба.
Круглы лес, найлепшая дзелавая драўніна, пастаўляецца на ўнутраны рынак – прадаваць яго за мяжу забаронена, а нізкаякасная драўніна паступае на перапрацоўку. На старым абсталяванні і якасць распілоўкі пакідае чакаць лепшага, аднак знайшоўся непераборлівы імпарцёр – Кітай.
Супрацоўнічаць з ім сталі яшчэ ў 2022 годзе, цяпер туды экспартуюць 95 % драўляных загатовак, у асноўным – з пашкоджанай драўніны. Таксама лясгас экспартуе прадукцыю ва Узбекістан і Азербайджан. Раней у спісе экспарцёраў былі многія краіны Еўропы. З-за санкцый прыйшлося пераарыентавацца на Усход, гэта было не надта проста, значна ўзраслі выдаткі на лагістыку.
Груз дастаўляюць па чыгунцы, пакупнік у Кітаі ў лепшым выпадку атрымае яго праз месяц пасля адпраўкі. Але іншага выйсця пакуль няма.
Целяханскі лясгас зарабляе пераважна на продажы круглых лесаматэрыялаў (каля 60 % у агульным аб’ёме выручкі) і экспарце піламатэрыялаў. У 2023 годзе выручка склала 13,5 млн руб., прыбытак – 434 тыс. руб., рэнтабельнасць – 3,3 %. За тры месяцы бягучага года атрымана выручка ў памеры 4,2 млн руб., прыбытак – 553 тыс. руб., рэнтабельнасць ужо 15 %. Штомесяц у дрэваапрацоўчым цэху вырабляецца каля 1 100 м3 піламатэрыялаў, амаль уся прадукцыя экспартуецца. Выручка па дрэваапрацоўчым цэху – у сярэднім 650 тыс. руб. у месяц, чысты прыбытак, напрыклад, у сакавіку склаў 51 тыс. руб. Гэта значна больш, чым у лепшыя месяцы мінулага года. Прагрэс відавочны. І няхай гэта стане тэндэнцыяй.
Крыніца: ivatsevichy.by