Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Старшыня Яглевіцкага сельсавета Галіна Панюк – лаўрэат конкурсу БСЖ «Жанчына года»

11/03/2024 07:57

 Старшыня Яглевіцкага сельсавета і сельвыканкама Галіна Панюк стала лаўрэатам абласнога этапа

XV рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2023».

Дыплом III ступені конкурсу Беларускага саюза жанчын у намінацыі «Гаспадыня сяла» папоўніў скарбонку ўзнагарод, атрыманых асабіста Галінай Антонаўнай і калектывам сельвыканкама. Яны беражліва выстаўлены ў рад у шафе ў кабінеце кіраўніка і нагадваюць, што яго намаганні і намаганні калег заўважныя і ацэненыя па заслугах на розных узроўнях – ад раённага да рэспубліканскага. Не так гэта і проста – быць гаспадыняй сяла, а дакладней, сёл: у Яглевіцкім сельсавеце – 16 населеных пунктаў, каля 5 тысяч жыхароў. Паспрабуй ахапі ўвагай кожнае пытанне! Аднак гераіня артыкула не пасуе перад цяжкасцямі.

Наша зямлячка, ураджэнка в. Волька, Галіна Панюк – жанчына дзейная, актыўная, і гэта ў яе ў крыві. Некалі яе дзед, ветэран Вялікай Айчыннай вайны (узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі), быў першым старшынёй калгаса «За Радзіму», ён згадваецца ў кнізе настаўніцы В. Трапачынскай-Агарак «Лясныя Долы». Маці і бацька самазабыўна працавалі ў калгасе, абодвум было прысвоена званне «Заслужаны калгаснік», а маці мела і Медаль Мацярынства – за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей. Дзеці працавалі з маленства – дапамагалі па гаспадарцы і ў калгасе падчас вакацый. Лета праходзіла за нарыхтоўкай сена для чатырох кароў і іншымі хатнімі клопатамі. Галіна Антонаўна ўспамінае свой выпускны баль, з якога прыйшлося вярнуцца дамоў, каб падаіць «замацаваных» за ёй кароў, і ў гэтай справе дапамагалі два аднакласнікі.
Пасля школы першапачаткова атрымала адукацыю повара. І зноў вярнулася да вучобы толькі праз 15 гадоў. На той час была ўжо жонкай, нарадзіла траіх сыноў і працавала ў Магіліцкім СДК (а яшчэ ўлетку падпрацоўвала памочнікам камбайнера – тры сезоны іх з мужам экіпаж быў у перадавіках). Паступіла спачатку ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна, потым у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, паспяхова скончыла яго, аднак з СДК развіталася – перайшла працаваць у Волькаўскі сельвыканкам сакратаром, потым яе пасада стала гучаць як кіраўнік спраў.
Ішлі гады, сыны выраслі і ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю. І Галіна Антонаўна рашылася на здзяйсненне сваёй мары – вывучыцца яшчэ і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на той момант ёй было 49 гадоў. У выніку атрымала дыплом Акадэміі аб другой вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права». Пазней была абрана на пасаду старшыні Яглевіцкага сельсавета і назначана старшынёй
сельвыканкама, якім паспяхова кіруе ўжо шэсць гадоў.
Яглевічы Галіне Панюк палюбіліся з першага погляду. Успамінае, як у адзін з першых прыездаў разам з мужам Чэславам ехала па асфальтаванай вул. Клютко, па такіх калдобінах, што той сказаў: «Галіна, першае, што табе трэба зрабіць, – адрамантаваць гэтую вуліцу». з гэтага і пачала. З таго часу шмат на якіх вуліцах сельсавета была палепшана якасць дарожнага пакрыцця. Будавалі ўсім светам дзіцячыя пляцоўкі ў Яглевічах і Баранах, наводзілі парадак на вясковых могілках. А колькі святаў вёскі зладзілі, падчас іх сваіх былых работнікаў адзначалі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.
Рознае было – у старшыні сельвыканкама хапае клопатаў. Напрыклад, у дзень візіту журналістаў Галіна Антонаўна з 6.30 раніцы разам з кіраўніком спраў і прадстаўнікамі ветстанцыі займалася вакцынацыяй хатняй птушкі – загадзя былі складзены спісы жыхароў, у якіх на падворку ёсць куры. Дарэчы, амаль 90 % сабак, якія таксама жывуць на падворках, зарэгістраваныя, наўрад ці такім парадкам у гэтым пытанні могуць пахваліцца іншыя сельсаветы. Жыхары Яглевічаў і ваколіц маюць магчымасць аператыўна паведаміць аб любой праблеме старшыні сельсавета – праз чаты ў Вайберы. Напрыклад, не гарыць ліхтар на нейкай вуліцы – інфармацыя пра тое з’яўляецца ў чаце, і старшыня тэлефануе энергетыкам. Не ўсе пытанні вырашаюцца на раз-два, часам яны ўпіраюцца ў грошы, а ў распараджэнні сельсавета сумы невялікія. Даводзіцца круціцца, шукаць варыянты. Увогуле можна доўга гаварыць пра работу сельвыканкама і асабіста старшыні, аднак тэкст не столькі пра гэта, колькі пра Галіну Антонаўну і яе жыццёвыя прынцыпы. З якім дэвізам крочыць яна па жыцці?
– Маці вучыла мяне з маленства ставіцца да людзей так, як хачу, каб ставіліся і да мяне. Таму я людзей паважаю і за жыццё ніколі нікога не абразіла, – дзеліцца субяседніца. – Да вяскоўцаў стаўлюся як да роўных. І разлічваю, што яны бачаць ува мне не толькі прадстаўніка ўлады, але і сябра, паплечніка, таго, хто выслухае і дапаможа. Як дэпутат стаўлю перад сабой задачу зрабіць усё, каб людзям жылося больш камфортна, каб яны адчувалі, што аб іх клапоцяцца. Дзякуючы падтрымцы калег і нераўнадушных грамадзян з года ў год работы праводзіцца шмат. І я дзякую кожнаму жыхару сельсавета, які імкнецца зрабіць родны куток
больш утульным і прыгажэйшым. І яшчэ – я маю гонар быць патрыётам і жадаю прыносіць карысць сваёй краіне. Актыўная грамадзянская пазіцыя абавязкова прадугледжвае ініцыятыву, стараннасць у выкананні абавязкаў, арганізатарскія здольнасці, уменне павесці за сабой людзей. Я аптыміст, які лічыць, што дарогу асіліць той, хто ідзе, рухаецца.
Больш за 20 гадоў Галіна Панюк – старшыня пярвічкі ГА «Беларускі саюз жанчын», які праводзіць конкурс «Жанчына года». Дык усё ж якой павінна быць сапраўдная жанчына, на думку гераіні артыкула? Галіна Антонаўна лічыць, што, каб быць шчаслівай, жанчына найперш павінна па магчымасці рэалізаваць сябе як маці і жонка – гэта прызначэнне, вызначанае для яе Богам. Таму галоўнымі людзьмі ў сваім жыцці яна называе мужа і сыноў. Аднак растварыцца толькі ў сям’і было б нямудра: трэба развівацца і ў прафесіі ці ў нейкім захапленні – кожнаму дадзены таленты. Так ты не будзеш залежаць ад іншых і вырасцеш у сваіх і чужых вачах, так ты будзеш цікавай і табе будзе цікава.
Галіна Антонаўна пайшла вучыцца пасля вялікага перапынку, бо хацела быць прыкладам для дзяцей, у выніку Андрэй, Сяргей і Арцём атрымалі вышэйшую адукацыю, а старэйшы сын таксама скончыў Акадэмію кіравання. Зараз у кожнага з іх – свае сем’і, яны падарылі матулі пяць унучак. Іх вялікая сям’я – дружная, на ўсе святы яны разам, падтрымаюць адзін аднаго і ў час тугі. Маці ганарыцца сынамі – тым, што выраслі з іх прыстойныя людзі, тым, што ўсё ўмеюць рабіць: дом пабудаваць – калі ласка, машыну адрамантаваць – без праблем. Як і яна сама, хлопцы гадаваліся ў працы. Галіна Антонаўна – гаспадыня не толькі ў сяле, але і дома, і некалі трымала і дзве каровы, і каня, і іншую жыўнасць. Цяпер няма ўжо часу на тое, няма і патрэбы – клопаты іншыя. І дзве ў яе цяпер сям’і – тая, у якой муж, сыны, нявесткі, унучкі, браты, сястра, і тая, у якой вяскоўцы, дзеля якіх рупіцца, стараецца, аб якіх дбае.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Крыніца:https://ivatsevichy.by/

 

К списку новостей

Полезные ссылки