Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Сказана – зроблена! Як візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі паўплываў на развіццё ААТ «Косава»

11/11/2024 08:03

 

Яшчэ 10 гадоў таму ААТ «Косава» было далёка не лепшым сельгаспрадпрыемствам у раёне і мінусавала па многіх паказчыках. Але сёння працоўны калектыў гаспадаркі і яго кіраўнік Вячаслаў Шастак з упэўненасцю глядзяць у будучыню: «Косава» сярод лідараў па ўраджайнасці, надоях, прывагах, без перабояў тут працуе тэхніка і на сумленне – людзі.

Немалая заслуга ў гэтым самога кіраўніка Вячаслава Аляксандравіча. Аграном па адукацыі сваю працоўную дзейнасць у сельгаспрадпрыемстве пачаў у 2013 годзе з пасады намесніка дырэктара, а ў 2015-м яму прапанавалі яго ўзначаліць. У гэты перыяд ААТ праходзіла працэдуру фінансавага аздараўлення згодна з Указам Прэзідэнта.

– Калі я ўзначаліў «Косава», малака сортам экстра выраблялі ўсяго толькі каля 8 працэнтаў, а ўдой ад каровы складаў 3300 кілаграмаў. Былі даўгі перад малочным камбінатам, а асноўная праблема – скучанасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў памяшканнях, – успамінае Вячаслаў Шастак.

У многім лёсавызначальным для сельгаспрадпрыемства стаў візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. Трэба адзначыць, што к таму часу асноўныя паказчыкі тут ужо пачалі расці, але выйсці на ўстойлівыя яшчэ не ўдавалася.

У жніўні 2017 года Прэзідэнт з рабочай паездкай пабываў у ААТ «Квасевічы», а пасля вырашыў змяніць запланаваны маршрут і наведаць праблемнае «Косава». Першы прыпынак быў зроблены на адным з палёў гаспадаркі, дзе шчыраваў сямейны экіпаж Мікалая і Ірыны Харужых. Прэзідэнт пажадаў сям’і аграрыяў поспехаў і пацікавіўся, ці магчыма паўтарыць намалот у тысячу тон, на што Мікалай Харужы запэўніў – намалоцім! А той моцны поціск рукі беларускага лідара і букет кветак ад яго для Ірыны Харужыя запомнілі на ўсё жыццё.

Пасля Кіраўнік дзяржавы, зноў жа адхіліўшыся ад плана візіту, наведаў малочнатаварную ферму «Старажоўшчына». На той час ферма была далёкай ад ідэальнай. Аднак, як сёння адзначае дырэктар ААТ «Косава» Вячаслаў Шастак, гэтым візітам хоць быў усхваляваны, але разам з тым і рады яму. Расказаць аб праблемах у гаспадарцы Прэзідэнту, дэтальна акрэсліць, што замінае лепшай рабоце, ён тады не пабаяўся, і гэта ў многім дапамагло выбіцца з аўтсайдараў у лідары. Агледзеўшы ферму, Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду выдзеліць грашовыя сродкі на рамонт «Старажоўшчыны», патрабуючы да лістапада прывесці яе ў ідэальны стан. Разам з тым было даручана павялічыць да тысячы пагалоўе дойнага статку.

Як і было загадана, праз тры месяцы будоўля была завершана. У строй увялі новае памяшканне фермы на 312 месцаў, пабудавалі гнаясховішча, дзве сянажныя ямы, забетанавалі пляцоўку гаспадарчага двара. Паступова павялічвалася пагалоўе скаціны і вытворчасць малака.

– Краіна нашай гаспадарцы вельмі дапамагла, а ўкладзеныя сродкі мы адпрацавалі і разлічыліся з усімі даўгамі, – расказвае Вячаслаў Шастак.

Ды больш таго, стаўшы з дапамогай дзяржавы на свае рэйкі, гаспадарка атрымала своеасаблівы стымул, пайшла самастойна развівацца далей і пашыраць вытворчыя плошчы. Вось і сёлета тут рэалізавалі праект па Указе Прэзідэнта Беларусі № 442 «Аб будаўніцтве (рэканструкцыі) малочнатаварных комплексаў». За крэдытныя сродкі, бюджэтныя і ў тым ліку ўласныя значныя змены адбыліся на МТК «Старажоўшчына»: тут пабудавалі малочна-даільны блок з абсталяваннем «Вестфалія» і два кароўнікі – кожны на 240 галоў. У бок камфортнасці змяніліся і ўмовы працы работнікаў.

Сёння ААТ «Косава» можа пахваліцца надоямі ў 9200 кілаграмаў на карову (+205 кг да ўзроўню мінулага года), таварнасць складае 93,4 %. Акрамя таго, малако прайшло атэстацыю на адпаведнасць стандартам ЕС і ідзе на вытворчасць дзіцячага харчавання. У гаспадарцы функцыянуе дзве фермы: МТК «Старажоўшчына» з амаль тысячным пагалоўем дойнага статку, тут жа ўтрымліваюц-
ца і цяляты да трох месяцаў; і комплекс па вырошчванні і адкорме маладняку «Заполле» ў тысячу галоў. Як акцэнтуе ўвагу дырэктар, і па прывагах «Косава» адно з лепшых у раёне. Калі ў 2015-м тут мелі сярэднясутачную прывагу ў 400 грамаў, то зараз у суткі плюсуюць напалову больш – на 801 грам.

Сакрэт поспеху гаспадаркі Вячаслаў Шастак бачыць ва ўстойлівай формуле – чатыры К: кадры, кармы, каровы, камфорт.

Сёлета гаспадарка абсалютны лідар у раёне па нарыхтоўцы травяных кармоў, косаўскія аграрыі назапасілі 42 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву БРЖ, робячы стаўку не толькі на колькасць, але і на якасць. А забягаючы наперад, адзначым, што і на ўборцы ўраджаю ў гэтым годзе ААТ «Косава» заняло ганаровае другое месца. Вынікі ўборачнай кампаніі парадавалі: сярэдняя ўраджайнасць зерневых склала 45,1 ц/га, а агульная вага косаўскага каравая – 5 098 тон. Урадзіла і кукуруза, яе намалочана 1 686 тон пры ўраджайнасці 114 ц/га.

Сёлета і па ўраджайнасці цукровых буракоў «Косава» – раённы лідар. Ураджайнасць салодкіх караняплодаў атрымалі ў 680 ц/га, і гэта пры не надта спрыяльных пагодных умовах, калі аграрыяў на трываласць выпрабоўвала летняя спёка.

– Калі прытрымлівацца тэхналогіі, то і засуха не моцна ўдарыць па кішэні сельгаспрадпрыемства, – упэўнены Вячаслаў Шастак. – Галоўным у вытворчым ланцужку заўсёды ёсць і будзе чалавечы фактар: строгае выкананне тэхналагічных патрабаванняў, дысцыпліна, стараннасць, адказнасць і, што немалаважна, веды.

Вячаслаў Аляксандравіч удзячны калектыву, стараннай працай якога ўдалося прыйсці да поспеху. У ААТ працуе нямала адданых сваёй справе людзей, якія, не лічачыся са сваім часам, уносяць дастойны ўклад у развіццё гаспадаркі. Чаго толькі варты прыклад працоўнай дынастыі Харужых: у свае няпоўныя 80 тут працягвае шчыраваць Уладзімір Сцяпанавіч, а па яго дастойным прыкладзе пайшлі сыны Мікалай і Дзмітрый, а таксама ўнук Уладзімір.

Але не на адных Харужых трымаецца гаспадарка. Кіраўнік вылучае і дастойную змену маладых механізатараў, а таксама вопытных вадзіцеляў, сярод якіх Мікалай Буранка, Віктар Лось, Міхаіл Паляжаеў, Арцём Турчын, Андрэй Жалудко, Віктар Варабей, Уладзімір Варабей. Сярод даярак вартыя пахвалы Таццяна Сямёнава, Ірына Пастарнакевіч, Вольга Ерыкаліна. Добра спраўляюцца з пастаўленымі задачамі слесары Сяргей Сямёнаў, Дзмітрый Лоскутаў. Ну і без ветэрынарнай службы ў гаспадарцы нікуды: з добрага боку сябе зарэкамендавалі ветфельчары Іна Сапёла, Іван Дзенісенка, асемянатары Юлія Дзенісенка, Вераніка Міхальчук. Усяго два месяцы працуе ў гаспадарцы інжынерам Аляксандр Міскевіч, але ўжо паспеў аказацца на добрым ліку ў кіраўніцтва.
Ды і аддача ад добрасумленнай працы ў косаўскіх аграрыяў неблагая, сярэдняя зарплата за 9 месяцаў складае больш за 1900 рублёў.

У гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс «Полымя», да яго за свае сродкі падвялі газ. Значна абнавіўся і аўтапарк, за два апошнія гады набылі ў лізінг самаходны кормараздатчык «Матрыкс», два трактары МТЗ-3522, чатыры МТЗ-12, прэс-падборшчык «Ф’южн», пасяўны агрэгат.

Да ўсяго патрэбна падыходзіць па-гаспадарску, лічыць кіраўнік, для якога ў гэтым пытанні Прэзідэнт – найлепшы прыклад. А спыняцца на дасягнутым у ААТ «Косава» не збіраюцца. Тут не баяцца цяжкасцей, паспяхова спраўляюцца са штодзённымі абавязкамі, ствараючы сваімі рукамі дабрабыт сельскагаспадарчай галіны.


Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки