Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Шматдзетнае шчасце Юліі і Канстанціна Казловых з г. п. Целяханы

21/10/2024 18:21

 18 гадоў назад целяханцы Юлія і Канстанцін вырашылі з’яднаць свае лёсы. Яны тады яшчэ нават не ўяўлялі, што стануць шматдзетнымі бацькамі. Жыццё дало ім магчымасць спазнаць радасць бацькоўства пяць разоў, і гэта, як адзначаюць Казловы, іх сапраўднае шчасце, іх сэнс жыцця.

Мацярынства Юліі нядаўна адзначана на дзяржаўным узроўні – яна ўзнагароджана ордэнам Маці. Між іншым, пра тое, што адпаведны Указ падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і яна ў ліку ўзнагароджаных, Юлія даведалася з навін «Івацэвіцкага весніка» ў Інстаграме, а следам пачаўся і шквал тэлефанаванняў – маладую маці спяшаліся павіншаваць родныя, сябры…

Сімвалічна, што такую высокую ўзнагароду ёй уручаць у раённым Доме культуры 14 кастрычніка – у Дзень маці. Святочную ўрачыстасць Казловы плануюць наведаць усёй сям’ёй. А як жа інакш? Бо кожны з членаў вялікай сям’і датычны да такой значымай для іх падзеі.

– Быць мамай пяцярых дзяцей не складана, бо ў мяне ёсць надзейная апора – мой муж, – упэўнена Юлія.

Яны нарадзіліся і выраслі ў Целяханах, а пазнаёміліся ў мясцовым клубе на танцах, калі Юліі было 18, а Канстанціну – 24 гады. Сустракаліся маладыя паўгода – гэтага хапіла, каб зразумець, што жыць адзін без аднаго яны не могуць. І сёння, паклаўшы руку на сэрца, Юлія і Канстанцін запэўніваюць, што ніколі не пашкадавалі аб сваім выбары.

Да дэкрэтнага адпачынку Юлія працавала ў лыжным цэху філіяла «Целяханы» ДП «Беларусьгандаль» склейшчыкам блокаў, загатовак і будаўнічых канструкцый, Канстанцін ужо каля 18 гадоў працуе ў Целяханскім лясгасе рамшчыкам. Тата вялікай сям’і працуе па графіку два працоўныя дні, затым два выхадныя, якія стараецца прысвяціць сваёй сям’і. На бацькоўскім прыкладзе любові і ўзаемапавагі растуць і іх пяцёра дзетак. Багацце шматдзетных Юліі і Канстанціна – у дзвюх дачушках і трох сыночках.

– Вельмі шкада, што наша Надзечка сёння не прысутнічае разам з намі, – у самым пачатку нашай размовы са шкадаваннем сказала шматдзетная маці, для якой вялікая радасць, калі ўся сям’я ў зборы.

Старэйшай Надзеі 16 гадоў, яна вучаніца 11 класа Ліцэя Івацэвіцкага раёна, таму дома бывае толькі на выхадных і на канікулах. Між іншым, пасля 9 класа прадоўжыць вучобу ў Ліцэі Надзея вырашыла сама. Юлія прызнаецца, што спачатку адгаворвала дачку, бо шкада было мацярынскаму сэрцу адрываць дзіця ад дома, але ў сваім рашэнні Надзя была цвёрдай, бліскуча вытрымала ўступныя экзамены і цяпер вучыцца ў класе эканамічнага профілю, наведвае факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», бо марыць стаць настаўнікам. Цікавае супадзенне, але фотаздымак з Надзеяй трапіў у мінулы нумар раёнкі ў артыкуле «Гісторыя жыве не толькі ў памяці», у якім гаворыцца пра адкрыццё музея гісторыі развіцця адукацыі Івацэвіцкага раёна. Дапытлівай ліцэістцы пашчасціла быць у ліку першых наведвальнікаў музея, і хто ведае, магчыма, і пра яе поспехі на ніве педагогікі мы яшчэ пачуем.

Дома Надзя першая памочніца ў бацькоў. Калі трэба, то і малодшых дагледзіць, і абед або вячэру згатуе, і ў кватэры прыбярэцца. Гэтыя навыкі яна паступова пераймае ў матулі. 

А вось астатніх членаў сям’і Казловых нам удалося застаць дома ў пасляабедзенны час. Дзесяцікласнік Юра вылучаецца ў свае гады хлапечай сур’ёзнасцю, старанна вучыцца, захапляецца матэматыкай, гуляе ў баскетбол у складзе школьнай каманды і марыць у будучым пра юрыспрудэнцыю.

Сямікласнік Арсеній і трэцякласнік Кірыл таксама радуюць бацькоў поспехамі ў вучобе і любяць спорт. А яшчэ хлопчыкі разам з татам часта выбіраюцца ў выхадны дзень на рыбалку на Агінскі канал або на Бабровіцкае возера.

У любіміцы сям’і – малодшай Ульянкі – клопатаў пакуль мала, бо ёй яшчэ няма і двух гадоў. І старэйшыя нават парой крышачку зайздросцяць маленькай непаседзе, бо ёй з-за такога маленькага ўзросту больш дастаецца ўвагі ад мамы, з якой пакуль яна не расстаецца.

Верагодна, сам уклад шматдзетнай сям’і задае высокую планку, і дзеці ўмеюць крыху больш, чым іх равеснікі з сямей, дзе выхоўваецца значна менш дзяцей. Асабліва ўлетку, калі дзеці свабодныя, адчуваецца, што ў сям’і сапраўды ёсць памочнікі. Жыве шматдзетная сям’я ў трохпакаёвай кватэры, якую атрымалі з падтрымкай дзяржавы, але яшчэ мае і свой кавалачак зямлі на прысядзібным участку, які дастаўся ім ад дзеда Канстанціна. Там вырошчваюць гародніну для патрэб сям’і, а яшчэ любяць выбірацца ў вольны час усе разам на прагулкі па Целяханах, або на пікнік.

Акрамя таго, што дзеці з задавальненнем дапамагаюць бацькам на агародзе, дык яшчэ на працягу сезона разам ездзяць у чарніцы – і для сям’і запасціся, і зарабіць на свае кішэнныя расходы. Наогул зарабляць на дарах лесу Юлія і Канстанцін прывыклі з дзяцінства, гэтаму прывучаюць і дзетак. Тым часам за маленькай Ульянкай часта даглядаюць дзядулі і бабулі – бацькі Канстанціна, якім яны вельмі ўдзячныя за дапамогу і падтрымку.

– Мы любім збірацца разам з нашымі роднымі на сямейных святах, – расказвае гаспадыня, – а я заўсёды стараюся іх папесціць чым-небудзь смачненькім. Наогул вельмі люблю гатаваць, асабліва выпечку, на дні нараджэння абавязкова пяку ўсім торты.

З днямі нараджэння і выбарам імён, дарэчы, цікавая гісторыя ў сям’і Казловых. Напрыклад, старэйшую Надзею так вырашыў назваць тата – надта падабалася яму гэтае імя. Юра нарадзіўся на праваслаўнае свята – Юр’е, таму і іншых варыянтаў, як назваць сына, нават не разглядалі. А праз сем гадоў акурат у гэты ж дзень нарадзіўся сынок Кірыл. Затое цяпер штогод 6 мая – двайное свята ў сям’і. Ды і нараджэнне Кірыла стала сапраўдным сюрпрызам, бо па ўсіх даследаваннях падчас цяжарнасці медыкі сцвярджалі, што Юлія чакае дзяўчынку. А каб старэйшая Надзейка, якая жыла чаканнем сястрычкі, не надта засмучалася, выбраць імя для браціка даверылі ёй. Ну а імя для самай малодшанькай выбіралі ўжо на сямейным савеце.

Сёння Юлія і Канстанцін Казловы ўпэўнены: быць шчаслівымі без дзяцей немагчыма. А рэцэпт іх сямейнага шчасця не вылучаецца нічым асаблівым – патрэбна толькі любіць, паважаць і падтрымліваць адзін аднаго.


Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки