Віктар Варабей з ААТ «Косава» дабіўся высокага рэзультату на жніве – на абласным спаборніцтве заняў першае месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў і быў ушанаваны на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024». Умоўная колькасць перавезенага ім зерня – 4 685,7 т. Дапамог у гэтым жалезны сябар – 16-гадовы аўтамабіль ГАЗ-САЗ 35071, за адзін рэйс на ім можна перавезці да 7 т зерня. Віктар Мікалаевіч не ўпершыню сярод пераможцаў – разоў пяць быў у лідарах на ўзроўні вобласці. Між тым у сельскай гаспадарцы герой сёлетняга жніва працуе ўсяго восем гадоў.
Сам ён гарадскі – нарадзіўся ў Івацэвічах, скончыў сярэднюю школу № 1, дзе, дарэчы, вучылі і ваджэнню аўтамабіля. Таму выпускнік акрамя атэстата меў на руках і пасведчанне кіроўцы катэгорыі В, С (пазней атрымаў і катэгорыю Е). Служыў у арміі, у тым ліку ў ваенным артылерыйскім вучылішчы ў Казані. І ўжо ў той час шмат круціў баранку, ездзіў на МАЗах.
Вывучыўся на меліяратара ў Пінску і пачаў працаваць па спецыяльнасці ў Івацэвіцкім ПМС. Доўгі час быў экскаватаршчыкам і меў поспех у гэтай справе – неаднаразова
ўзнагароджваўся за добрасумленную працу. Аднак у нейкі момант яму захацелася пайсці «на вольные хлеба», і Віктар Мікалаевіч стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся мэбляй. Крызіс прымусіў змяніць сферу дзейнасці. І тады нарадзілася думка падацца ў сельскую гаспадарку, выбраў ААТ «Косава», бо жыве ў Бялавічах. Прыйшоў у якасці вартаўніка, аднак на першым жа жніве стаў памочнікам камбайнера. А потым падаўся ў вадзіцелі і прыняў ГАЗ-САЗ 35071 ад калегі, які пайшоў на пенсію. Сам абслугоўвае, рамантуе машыну.
Дык у чым сакрэт поспеху вадзіцеля на жніве?
– А які тут сакрэт – працуй ды ўсё. Дырэктар стварыў для гэтага добрыя ўмовы. У сельскай гаспадарцы трэба круціцца. Падчас уборачнай бывае няпроста: возім зерне з ранку да вечара, а потым яшчэ і на зернесушылцы дзяжурым. Калі да дзесяці вечара, калі да адзінаццаці-дванаццаці, а ў мінулым годзе затрымліваліся і да двух гадзін ночы. А ў 7.45 трэба быць гатовым да рэйсу. Абед – хвілін 20, і зноў у дарогу. Аднак пакуль чалавек працуе – ён жыве, а дома без справы можна зачахнуць, – расказвае Віктар Варабей. – Сёлета я не быў у кагорце першых тысячнікаў, бо наша гаспадарка пазней за суседнія прыступіла да ўборкі зерневых, а ў мінулым годзе – быў. Нешта атрымліваецца – і добра.
У дзень візіту журналістаў Віктар Мікалаевіч вазіў буракі на буракапрыёмны пункт, да гэтага ездзіў у Драгічын па сою. Усе дні – у раз’ездах. Ляжыць да гэтай справы душа. Быў шафёрам бацька, і гэта таксама сыграла сваю ролю. Ну а калі любіш тое, чым займаешся, усё атрымліваецца на выдатна.
Крыніца: ivatsevichy.by