Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Паўстагоддзя на адным працоўным месцы

16/08/2024 12:28

 У панядзелак нагодай для віншаванняў і падарункаў стаў паўвекавы юбілей – іменна

12 жніўня 50 гадоў таму пачала свой працоўны шлях у ААТ «Мілейкі» Ніна Каледнік

Пасля заканчэння школы харашыстка Ніна Каледнік з Мілеек марыла стаць настаўніцай фізікі і матэматыкі, дакладныя навукі даваліся добра і падабаліся ёй. Аднак з паступленнем удача была не на баку маладой дзяўчыны: не хапіла колькі балаў, каб стаць студэнткай педінстытута ў Брэсце.

А ў мясцовай гаспадарцы Ніну добра ведалі: тут працавалі яе бацькі, а старшыня ўручаў жывёлаводу, маці Ніне, падзяку за добрае выхаванне дачкі, якая старанна вучылася ў школе. Якраз калгасу патрэбен быў бухгалтар, і колішні дырэктар сельгаспрадпрыемства Іван Пястрак прапанаваў маладой дзяўчыне Ніне паспрабаваць сябе на гэтым месцы.

Атрымаўшы першы бухгалтарскі вопыт, Ніна Паўлаўна задумалася пра вучобу, але зноў з паступленнем у Столінскі каледж не склалася, затое на наступны год яна паступіла ў Беларускую сельгасакадэмію, што ў Горках, на спецыяльнасць «эканаміст-арганізатар». Атрымаўшы адукацыю, Ніна Каледнік працавала ў ААТ «Мілейкі» і эканамістам, і бухгалтарам, і колькі гадоў была прафсаюзным лідарам, а з 1985 года стала дыспетчарам і затрымалася на гэтай пасадзе амаль на 40 гадоў.

Дыспетчараў сельгаспрадпрыемстваў можна назваць байцамі нябачнага фронту. Пра механізатараў, вадзіцеляў, камбайнераў, жывёлаводаў, даярак мы часта расказваем на старонках раёнкі, а вось тых, хто выконвае руцінную арганізатарскую работу, часта забываем. Ды ад увішнасці, прафесіяналізму, камунікабельнасці дыспетчара ў многім залежыць зладжанасць вытворчага працэсу ў гаспадарцы. У гэтым сэнсе нараканняў да Ніны Паўлаўны няма – тэлефонныя званкі, перадачу інфармацыі ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і многае іншае даводзіцца выконваць ёй не толькі ў працоўны дзень, часам – у выхадныя і святочныя дні, і ўсё гэта робіцца бездакорна.

За столькі гадоў змянілася некалькі кіраўнікоў, калектыў, памеры і задачы сельгаспрадпрыемства, але Ніна Каледнік заўсёды была і застаецца адказным і дасціпным работнікам. Зараз гаспадарку ўзначальвае Дзмітрый Паўлоўскі, які цэніць і паважае Ніну Паўлаўну за яе дзелавыя якасці і лічыць, што ў некаторых пытаннях Ніна Паўлаўна з яе паўвекавым вопытам разбіраецца лепш за моладзь. «Гэта мая правая рука і дарадца па многіх кірунках», – так гаворыць пра сваю работніцу малады дырэктар. «Без такой важнай работы ў гаспадарцы не абысціся, і нездарма кажуць пра дыспетчараў, што яны – «вочы і вушы гаспадаркі». З ёю добра супрацоўнічаць, разам працуем 40 гадоў, яна заўсёды дакладна ведае, хто чым заняты кожны дзень», – падкрэслівае інжынер па ахове працы і старшыня прафсаюзнага камітэта Таццяна Ганчар.

Вясковым жанчынам жыць, безумоўна, цяжэй, чым гарадскім. І працоўны дзень у іх не восем гадзін, а «колькі атрымаецца», і выхадных у гарачую пару не бывае, але ёсць у характарах нашых сяльчанак моцны стрыжань, які дапамагае паспяваць на працы і дома, пераадольваць цяжкасці і ўмець ад душы радавацца жыццю. Разам з мужам, які працаваў у гаспадарцы кладаўшчыком, а цяпер на пенсіі, Ніна Паўлаўна выгадавала дачку і сына, разам вывучылі іх. А зараз шасцёра ўнукаў для бабулі з дзедам – гэта вялікая радасць, як светлы маяк у вірлівым жыцці. Ніна Паўлаўна не крыўдуе на лёс: у свае амаль 67 гадоў паспявае і на працы, і ўнукам час удзяліць, ды і агарод вялікі дагледзець. Гэта вам не жартачкі – 300 кустоў таматаў! «Усё можна паспець, хапіла б толькі здароўя!» – упэўнена мая субяседніца.

Словы ўдзячнасці і пажаданні здароўя і дабрабыту гучалі ў адрас Ніны Каледнік 12 жніўня з вуснаў старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ігара Паўшко. Дырэктар і старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Мілейкі» таксама далучыліся да віншаванняў, шчыра дзякавалі за адданасць гаспадарцы і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў. А каб на працу было прасцей і хутчэй дабірац-
ца, прэзентавалі Ніне Паўлаўне веласіпед. Такому энергічнаму і актыўнаму чалавеку вельмі пасуе гэткі падарунак! Няхай яшчэ доўга хапае сіл і энергіі сціплай вясковай жанчыне са стрыжнем Ніне Каледнік на ўсе працоўныя і не толькі задачы, а яе жыццё хай дзень за днём віруе і круціцца, як колы новенькага веласіпеда.

Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки