Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Натхнёны подзвігам бацькі: кнігай нашага земляка Антона Барашкі зацікавіліся журналісты на Дні беларускага пісьменства

11/10/2024 11:14

 Ураджэнец Волькі Антон Барашка зараз рыхтуе да перавыдання павялічаным тыражом кнігу «Партызанскі рух у Бярозаўскім раёне». Яшчэ ў пачатку 2000-х Антон Антонавіч, гісторык, адчуў у сабе ўнутраную патрэбу сістэматызаваць шматлікія сабраныя матэрыялы па гісторыі партызанскага руху Бярозаўшчыны, бо тут ён працаваў шмат гадоў, і ўсё аформіў у кнігу. Яе выдалі ў 2019 годзе невялікім тыражом у 99 экзэмпляраў.

Гэта была работа для сябе, для калег і родных, зараз жа мясцовае кіраўніцтва прапанавала выдаць яе, дапоўненую, павялічаным тыражом. Сёння Антон Барашка працуе над матэрыяламі і фота, вядзе размову з выдавецтвам, а на Дні беларускага пісьменства ў родных Івацэвічах яго прымалі як аўтара. Адкуль такая любоў да гісторыі і такая прага пакінуць пасля сябе ў спадчыну друкаванае слова?.. Аб гэтым мы пагаварылі з аўтарам.

Бацька мала пажыў пасля вайны…

Сям’я Барашкаў жыла ў вёсцы Волька, бацька майго суразмоўцы Антон Піліпавіч быў вядомым чалавекам наўкол. Выдатны бондар усёй акрузе рабіў вазы, бочкі, драўляныя канапы… У сям’і Антона Піліпавіча і Алены Аляксееўны да вайны ўжо раслі чацвёра дзяцей, але жылі яны па тых мерках заможна.

– Бацька бондар, маці – стаханаўка, была перадавіцай у льнаводчым звяне мясцовай гаспадаркі, – успамінае Антон Антонавіч. – Бацька быў з 1907 года, пад 40 было мужыку, калі яго ў 1944-м прызвалі ў армію. Ён расказваў, што тады амаль усіх забралі – і сталых, і хворых, і шматдзетных, трэба было вырываць перамогу, патрэбная была любая сіла. Бацька патрапіў у Кёнігсберг, расказваў, якой непраходнай для тэхнікі была там мясцовасць, штурмавалі людской сілай. Далі ў рукі вінтоўкі – ды ў атаку. А немцы выставілі на ўзгорках кулямёты і палілі па нашых салдатах. Хто толькі падымецца з зямлі – стралялі. У апошнім баі бацька быў без абутку, у абмотках ды ў халодным шынялі, у мароз ён папаў пад такі абстрэл. Цэлы дзень ляжаў, не рухаючыся, на полі сярод трупаў саслужыўцаў. Нямецкія салдаты глядзелі ў бінокль – дастрэльвалі тых, хто быў яшчэ жывы. Бацька тады выжыў, але падмерзлі ногі. Моцна захварэлі лёгкія, ён доўга быў у шпіталі, а пасля прыехаў дадому зусім слабым…

А лістоў франтавых у сям’і не засталося, бацька не ўмеў пісаць, як і многія мужыкі з сяла, а жонкі не ўмелі чытаць, вось і не ішлі лісты дадому… У 1945-м Антон Піліпавіч упершыню ўбачыў малодшага сына, бо пакідаў жонку цяжарнай, яшчэ праз год нарадзіўся малодшы сын Антон, наш суразмоўца. Шасцёра дзяцей, знішчаная вёска, хворы бацька… Пераможцам вайны трэба было наладжваць мірнае жыццё.

Людзі неслі бондару салдацкія шынялі ды што было, прасілі збіць ім бочкі, каб саліць на зіму гародніну. Так бацька і карміў сям’ю. Пасля ў дом Барашкаў пасялілі капітана Шустава з сям’ёй, ён служыў у мясцовай ваеннай часці. Тады малы Антон заслухваўся расказамі пра вайну, а яшчэ бегаў па некалькі раз на дзень на ваенныя фільмы, іх паказвалі салдатам, і марыў быць партызанам. У 1956-м у вялікай вёсцы адбыўся пажар. Загарэўся дом з няспраўнай печкай, і ў ветранае надвор’е ў агні разам апынуліся 109 дамоў. Ратуючы людзей і маёмасць, у агні загінуў салдат з ваеннай часці. Згарэў і дом сям’і Барашкаў, пагарэльцам выдалі драўніну для будаўніцтва, але яе было мала. У пошуках сухастою Антон са старэйшым братам упершыню апынуўся ў жытлінскіх ды карочынскіх лясах… Голыя коміны ў Вядзе, Тупічыцах да глыбіні душы ўразілі юнага Антона. Пасля смерці бацькі ў 1959-м ён паставіў сабе за мэту наведаць Кёнігсберг і іншыя месцы баёў і гібелі савецкіх салдат. І зрабіў гэта …

Ад паездак і перапіскі з былымі партызанамі да кнігі…

Лёс будучага аўтара кнігі складваўся цікава і не быў простым. Антон Барашка марыў стаць музыкантам, навучыўся ігры на баяне, шчыраваў у мясцовым клубе. Пасля лёс закінуў яго ў Валгаградскае вучылішча механізацыі, трактарысту на вёсцы было б прасцей… Але творчае ўзяло верх, там юнак іграе ў мясцовым аркестры. А пасля паступае ў Валгаградскае культпрасветвучылішча. Работа музработнікам у санаторыі «Волга-Дон» была па душы. Але Антон Барашка вяртаецца на Радзіму да састарэлай маці.

– Я шукаў сябе ў родных Івацэвічах, у адзін дзень вырашыў працаўладкавацца. Пайшоў у аддзел культуры, ён месціўся ў будынку каля вакзала, там было зачынена, і тут аб’яўляюць аўтобус на Бярозу – успамінае Антон Антонавіч. – Памятаю, як браў білет за 50 капеек ды аказаўся ў суседнім раёне. Патрапіў на работу ў сельскую школу, прайшоў шлях ад настаўніка да дырэктара, скончыў гістфак БДУ. А ў 90-я стаў начальнікам аддзела культуры райвыканкама. 20 гадоў я адказваў за культуру на Бярозаўшчыне, але пра родны край не забываў. Але ўвесь час мой унутраны гісторык і даследчык штурхаў мяне на новыя і новыя знаёмствы, паездкі па гарадах-героях, некаторы час я жыў у Калінінградзе, са школьнікамі садзіў алеі памяці, прысвечаныя былым партызанам, з некаторымі вёў перапіску, арганізоўваў сустрэчы ў нашым Гута-Міхаліне, на Хаваншчыне. Канечне, я жыў і працаваў у Бярозаўскім краі, тут ажаніўся, маім цесцем стаў былы партызан Васілій Васільевіч Клімовіч, адсюль і тэматыка кнігі, але суседнія раёны звязаныя больш, чым мы думаем…

Усё сабранае Антон Барашка палажыў на паперу. Зараз на выданне звярнулі ўвагу паўторна, хутка дапоўненая кніга надрукуецца. І гэта шчасце для аўтара, калі яго шматгадовая работа ацэнена высока, і на Дні беларускага пісьменства да яго была чарга па інтэрв’ю.

Шчасце жыць у бацькоўскім доме

Мой герой жыве на Бярозаўшчыне, якая, несумненна, стала за гады другой радзімай, але ён мае такое шчасце – жыць у бацькоўскім доме. Як так, спытаеце? Антон Антонавіч узяў ды перавёз два дамы на свой участак – дом цесця і дом маці з Волькі. Не сказаць, што гэта быў просты працэс, задзейнічалі трэйлер ды два краны, але дамы былі настолькі моцныя, што і сёння на новых фундаментах стаяць і ёсць у іх жыццё – тут месцяцца сам Антон Антонавіч з жонкай Валянцінай Васільеўнай, іх дачка з сям’ёй і сын-гісторык.

Уявіце, што значыць жыць у доме, які пасля вайны слабы бацька паціху будаваў для вялікай сям’і… Хлопчыкам Антон любіў слухаць пра ўспаміны бацькі, на ўроках працы рабіў на свой дом пяціканцовую чырвоную зорку і па некалькі разоў на дзень бегаў на прагляд ваенных фільмаў. Пасля, здаецца, праз усё сваё жыццё пранёс павагу да подзвігу родных, землякоў. Сам працаваў плённа на любой пасадзе, а найлепшым вынікам пошуку і даследаванняў стала кніга – яго дзецішча, якім абавязкова скарыстаюцца нашчадкі. Ганарымся земляком і жадаем натхнення на новыя даследаванні.


Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки