5 кастрычніка ў Мікашэвічах ладзяцца абласныя «Дажынкі». На фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі ўшануюць і нашых хлебаробаў. Сярод іх і прадстаўнікі ААТ «Святая Воля», якія разам са сваім кіраўніком Уладзімірам Любушаком адправіліся па ўзнагароды на Лунінеччыну – у складзе дэлегацыі ад Івацэвіцкага раёна. Сам Уладзімір Рыгоравіч адзначаны падзякай Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.
«Дажынкі-2024» – зорны час для аператараў звяна зернесушыльнай устаноўкі ААТ «Святая Воля». Мікалай Каляда, Уладзімір Мілеўскі, Ігар Грышчук і Віктар Палуяновіч сушылі зерне новага ўраджаю з такой інтэнсіўнасцю, што дзіву даешся. Летась у Святой Волі працавалі дзве зернесушыльныя ўстаноўкі, адна сябе зжыла, і яе скасавалі. Узамен пачалі будаваць новую, аднак не паспелі ўвесці ў эксплуатацыю да жніва. Таму сёлета толькі адна святавольская сушылка КЗСВ-30Г і звяно з чатырох аператараў прынялі агонь на сябе (і яшчэ адна традыцыйна працуе ў Аброве). Умоўная колькасць апрацаванага імі зерня склала 11 743,6 т, і гэта другі рэзультат у вобласці. Яны безумоўныя лідары ў і раёне.
Машыністы зернеачышчальных комплексаў, як правіла, працуюць пазменна. Два чалавекі заступаюць на суткі, гэта значыць, днём і ноччу нясуць дзяжурства ў памяшканні, з якога ажыццяўляецца ўпраўленне сушылкай. Устаноўка 2008 года, і ўсе патрэбныя параметры задаюцца камп’ютарам. Задача аператараў – сачыць за ходам сушкі і спраўнасцю абсталявання. Калі здараецца паломка, яны абавязаны як мага хутчэй яе ўстараніць.
У складзе звяна – галоўны энергетык гаспадаркі Мікалай Каляда, які трэці год запар падчас уборачнай кампаніі сумяшчае свае абавязкі з абавязкамі аператара. Мікалай Мікалаевіч расказаў, што сабраць ураджай з палёў – гэта толькі палова справы, важна яго захаваць, а недастаткова высушанае зерне захоўвацца не будзе – зацвіце. Прымальны паказчык вільготнасці для большасці збожжавых – 14 %. Бывае, з палёў дастаўляюць зерне з вільготнасцю 30 %. Каб давесці яго да ідэалу, спатрэбіцца каля васьмі гадзін сушкі (вільготнасць у сярэднім паніжаецца на 2 % у гадзіну). Калі да кантролю за працэсам ставіцца халатна, то можна ці перасушыць зерне, ці, не дай Божа, нарабіць пажару.
Перасушанае зерне ў тэорыі можа пайсці на фураж, хоць гэта і не пажадана, а на продаж – наўрад ці, бо пакупнік-аптавік звычайна з вільгацямерам і не пагодзіцца на такі тавар. Мокрае зерне – вялікія затраты на сушку. Праўда, гэтае лета было спякотным, і дасушванне ўраджаю не даставіла вялікіх клопатаў.
Прадукцыйнасць зернесушылкі КЗСВ-30Г – 30 т у гадзіну. А ў новай, што будуецца побач, будзе 80 т – амаль у тры разы больш. Працаваць будуць абедзве ўстаноўкі – сушыць будзе што, як-ніяк ААТ «Святая Воля» – самая вялікая гаспадарка раёна. Сёлета яна дадала ў раённы каравай амаль 13 тыс. т зерня, і гэта на 20 % больш, чым у мінулым годзе.
Мікалай Мікалаевіч родам з Вялікай Гаці, у ААТ «Святая Воля» працуе чатыры гады. Адным з аргументаў для працаўладкавання ў гаспадарку стала прапанова засяліцца ў службовы дом, які некалі быў уласнасцю яго дзеда, дзе ён, лічы, нарадзіўся (дом быў выкуплены калгасам). Цяпер ён разам з сям’ёй размясціўся ў родавым гняздзе і адчувае сябе камфортна і там, і на рабочым месцы.
А на зернесушыльнай устаноўцы працаваў з напарнікам Віктарам Палуяновічам, вартаўніком Вялікагацкай сярэдняй школы. Хоць Віктар Уладзіміравіч і працуе ва ўстанове адукацыі, ён цесна звязаны з гаспадаркай. Па-першае, яго працоўны шлях пачынаўся з калгаса, дзе ён затрымаўся на 17 гадоў. Па-другое, калі перайшоў працаваць у школу загадчыкам гаспадаркі, ён не спаліў за сабой масты – па-ранейшаму дапамагаў і дапамагае на жніве (25 сезонаў у якасці камбайнера, 12 – у якасці машыніста зернеачышчальнага комплексу). Працаваць суткамі бывае складана, аднак ёсць і плюсы – абеды і вячэры за кошт гаспадаркі. Вядома, дастойная аплата. Калі ты ў справе не навічок, усё атрымліваецца.
Яшчэ з двума аператарамі, на жаль, сустрэцца не атрымалася. Уладзімір Мілеўскі працуе ў гаспадарцы электраманцёрам, а Ігар Грышчук – слесар на бульбасховішчы. Жніво аб’яднала ўсіх. Асноўная работа за спінай, а было яе па самыя вушы: гаспадарка вялікая, экіпажаў шмат, зерне на сушылку везлі і везлі. Камбайнеры не пакінулі шансу застацца без узнагарод. Пасля зерня на ўстаноўцы сушыцца грэчка, потым кукуруза. А ў міжсезонне абсталяванне трэба абслужыць як след, каб наступнае жніво прайшло без непрыемных сюрпрызаў. Ну, а прыемныя няхай здараюцца.
Крыніца: ivatsevichy.by