Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Молада, ды не зелена. Падведзены вынікі чарговага этапа раённага праекта «Малады працаўнік сяла»

15/10/2024 11:12

 Час імкліва бяжыць, аднак значымасць работы ў сельскай гаспадарцы толькі ўзрастае. Ні для каго не сакрэт, што сельскагаспадарчая праца не проста від дзейнасці, гэта лад жыцця, які патрабуе поўнай самааддачы.

Аб гэтым не па чутках ведаюць і героі сённяшняй публікацыі, якія сталі пераможцамі чарговага этапа раённага праекта «Малады працаўнік сяла», што другі год запар рэалізуецца аддзелам ідэалагічнай работы і справах моладзі сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама і праходзіць у васьмі намінацыях. Нагадаем, што ў праекце прымаюць удзел маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, якія пражываюць на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна і працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях. На старонках раёнкі мы ўжо расказвалі пра лепшых маладых аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, вадзіцеляў і трактарыстаў, лідараў жніва. А на мінулым тыдні арганізатары праекта ўшаноўвалі лепшых спецыялістаў сярод моладзі, што шчыруюць у розных сельгаспрадпрыемствах раёна, прама на іх рабочых месцах.

Прыемна, што наша моладзь выбірае прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, а яшчэ радасней ад таго, што адпрацаваўшы па размеркаванні вызначаны тэрмін, яна не спяшаецца ў буйныя населеныя пункты, а застаецца працаваць і далей, пры гэтым працаваць на сумленне.

Вопытны ветфельчар

Ураджэнка в. Яглевічы Юлія Шульга ў 2022 годзе скончыла Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны
каледж і прыехала па размеркаванні ў Івацэвіцкую раённую ветэрынарную станцыю. Першае працоўнае месца для яе не новае, бо тут яна праходзіла практыку. Маладога спецыяліста ў райветстанцыі добра прынялі: выдзелілі арэнднае жыллё ў Івацэвічах, падтрымлівалі і дапамагалі ўнікнуць ў азы прафесіі ў першую пару. Зараз жа маладая ветфельчар і сама паспяхова спраўляецца з пастаўленымі перад ёй задачамі, а іх нямала. Тут і работа з дакументацыяй – вядзенне розных справаздач, і практычны бок у выбранай прафесіі: абязрожванне, вакцынацыя буйной рагатай жывёлы, туберкулінізацыя – ветэрынарнае мерапрыемства, якое накіравана на выяўленне захварэўшых туберкулёзам жывёл, таксама пад наглядам Юліі вядзецца адбор крыві ў БРЖ на аналіз і іншае. Неўзабаве прайшлі два назначаныя для адпрацоўкі гады і яна засталася на сваім першым працоўным месцы, бо, як адзначае Юлія, да работы і калектыву ўжо прызвычаілася, і мяняць свой уклад жыцця не хочацца.

– Гэта добра, калі лепшы малады ветфельчар працуе ў раённай ветстанцыі, бо ён павінен паказваць прыклад усім астатнім калегам і задаваць тэмп іх работы, – падчас узнагароджання адзначыў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама Сяргей Шамярэй.

Заатэхнія захапіла

А вось лепшы малады заатэхнік-селекцыянер – Вікторыя Крывапуст – працуе ў ДП «Э/б
«Майск». Родам яна з Баранавіцкага раёна, але ўжо мінула больш за 10 гадоў, як яна прыехала на працу ў Івацэвіцкі раён і пусціла тут карані, таму спецыяліст ужо кажа з упэўненасцю, што Івацэвіччына стала для яе другой малой радзімай. Вікторыя скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці «біятэхналогія, зоаінжынерыя». Па размеркаванні прыехала на працу ў СВК «Любішчыцы», а ў сувязі з яго рэарганізацыяй перайшла на працу ў Эксперыментальную базу «Майск». Як расказала Вікторыя, прафесію яна выбрала свядома, бо і яе бацькі звязаны з сельскай гаспадаркай: мама – аператар машыннага даення, тата – механізатар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Баранавіцкага раёна.

– У сельскай гаспадарцы работа нялёгкая, але мне яна падабаецца, ды і вопыт прыйшоў з часам, – кажа Вікторыя Крывапуст.

Працаваць у кабінеце – гэта не пра заатэхніка-селекцыянера, хаця даводзіцца рабіць і шмат «папяровай» работы. А яшчэ ў абавязкі заатэхніка-селекцыянера ўваходзіць ідэнтыфікацыя буйной рагатай жывёлы, улік прывагаў, сцельнага статку, адбор нецяляў да асемянення і многае іншае.

Да ўсяго ж Вікторыя – шматдзетная маці, а абаснавацца сям’і Крывапуст дапамагла падтрымка дзяржавы – пабудавалі кватэру ў Івацэвічах.

– Перамога ў маладзёжным праекце матывуе працаваць яшчэ старанней, каб заўсёды адпавядаць гэтаму даверанаму мне зараз званню, – кажа Вікторыя Крывапуст, у здольнасцях якой кіраўніцтва Эксперыментальнай базы «Майск» і не сумняваецца.

Ад брыгадзіра да галоўнага інжынера

Адрасуючы словы віншавання з перамогай у праекце галоўнаму інжынеру ААТ «Новыя Стайкі» Паўлу Пясецкаму, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама Сяргей Шамярэй акцэнтаваў увагу на тым, што ў майстэрнях сельгаспрадпрыемства заўсёды парадак, і ў гэтым бачыцца вялікая заслуга нашага маладога працаўніка. Павел у адказе за тэхнічную частку, а гэта вельмі важны і значымы аспект для сельгаспрадпрыемства, бо патрэбна своечасова забяспечваць патрэбы неабходнымі запчасткамі, арганізаваць работу так, каб тэхніка не прастойвала. Павел – стайковец, і сельскі ўклад жыцця яму па душы.

– Мой бацька і мой дзед працавалі ў «Новых Стайках» вадзіцелямі, і цяга да тэхнікі ў ва мне жыве з дзяцінства. Таму і прафесію выбіраў свядома, пытання, куды падацца пасля школы, не ўзнікала, – кажа ён.

Павел Пясецкі скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «тэхнік-механік». Так як паступаў з мэтавым накіраваннем, то адпрацоўваў на карысць сельгаспрадпрыемства пяць гадоў, але, як і нашы астатнія героі, пакідаць прафесію не збіраецца. Тут ён шчыруе з 2017 года, пачынаў з пасады брыгадзіра трактарнай брыгады, кіраўніцтва заўважыла здольнасці працавітага хлопца і ў 2020-м даверыла кіруючую пасаду, ды, мяркуючы па ўсім, не памылілася. У мінулым годзе яго маладой сям’і гаспадарка выдзеліла новы дом.

Да работы галоўны інжынер ставіцца не толькі з усёй адказнасцю, але і крыху па-філасофску.

– Мой працоўны дзень не завяршаецца, як у многіх, у пяць гадзін вечара, часта даводзіцца працаваць і ў выхадныя. Цяжкасці ёсць у любой прафесіі, але яны маюць уласцівасць рана ці позна заканчвацца, – упэўнены Павел. І такі падыход, бадай, адзін са складнікаў яго працоўнага поспеху.

На службе ў зямлі

Амаль тры гады працуе ў ААТ «Падстарынь» аграномам Андрэй Калдушка з іх паўтара года – галоўным. Родам ён з Пінскага раёна, сюды прыехаў пасля сканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта маладым спецыялістам па ўласнай ініцыятыве, бо жонка Надзея родам з Івацэвічаў, яна ўрач ЦРБ. Часу на «раскачку» на першым працоўным месцы ў маладога агранома не было, бо па розных абставінах мяняліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемства, і разлічваць даводзілася на ўласныя веды і навыкі, атрыманыя ў ВНУ. Зараз жа, адзначае Андрэй, разам з дырэктарам Грыгорыем Касцюком у «Падстарынь» прыйшла стабільнасць, і працаваць стала лягчэй. Сёлетні сезон аграном ацэньвае станоўча, хоць на сельскагаспадарчыя культуры моцна паўплывала жнівеньская засуха. Парадавала ўраджайнасць рапсу, добра ўрадзілі і цукровыя буракі. Па зерневым і зернебабовым ААТ «Падстарынь» у залатой сярэдзіне, а вось кукуруза значна падсохла з-за спёкі.

У аграноміі, як і ў цэлым у сельскай гаспадарцы, важныя прапісныя ісціны: веды і гаспадарчы падыход да справы. А з гэтым, як адзначае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, у маладога аграрыя ўсё ў парадку.

– Тут працуюць добрыя людзі, гатовыя падставіць плячо ў любы момант, – адзываецца малады чалавек аб калегах. – Работа наша адказная, і ўсе мы працуем дзеля агульнай справы.

У свае даволі маладыя гады – Андрэю 26 – ён ужо шматдзетны бацька, чарговае папаўненне ў Калдушкаў адбылося ў верасні. Пражывае маладая шматдзетная сям’я ў Падстарыні, дом выдзеліла сельгаспрадпрыемства. Умовы створаныя, застаецца толькі штодня прыкладаць свае намаганні і веды, каб, як і ўсе пераможцы раённага праекта «Малады працаўнік сяла», рабіць свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.


Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки