Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Іх справа жыцця – спажыўкааперацыя

06/07/2024 11:38

 Адлічваюць дзясяткамі свой працоўны стаж у Івацэвіцкай райспажыўкааперацыі Іна і Віктар Герштовы

Прафесійнае свята – гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў, прызнанне заслуг, віншаванні і, безумоўна, добры настрой. Менавіта такім 28 чэрвеня, напярэдадні Дня кааперацыі, атрымалася мерапрыемства, якое было ўпрыгожана россыпам узнагарод рознага ўзроўню, што заслужылі працаўнікі гэтай галіны. У актавай зале Івацэвіцкага райста ўшаноўвалі і ветэранаў спажывецкай кааперацыі. Словам, не забылі нікога.

Івацэвіцкае райста сёння – гэта калектыў у 900 чалавек, 115 магазінаў, 13 кропак грамадскага харчавання, цэх хлебапячэння, каўбасны і рыбны цэхі. Дастаўку тавараў ажыццяўляюць 94 аўтамабілі, а шэсць аўталавак вязуць тавар да спажыўца ў самыя малыя і аддаленыя вёскі раёна. Прадукцыя райста адпраўляецца ў Расію і Казахстан. Як адзначыла старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Алена Куратнік, галоўнае багацце – гэта людзі, якія сваёй нялёгкай паўсядзённай працай робяць уклад у развіццё кааперацыі. І сёння – размова пра іх.

У Івацэвіцкае райста рознымі шляхамі аднойчы прывёў лёс сямейную пару Віктара і Іну Герштовых, тут кожны з іх затрымаўся ўжо больш чым на тры дзесяцігоддзі. Гледзячы на такіх людзей, упэўніваешся, што вялікая ўдача для чалавека – выбраць справу па душы, каб з задавальненнем працаваць і з радасцю сустракаць сваё прафесійнае свята.

Праца над хлебам надзённым

Іна Канстанцінаўна – начальнік участка па вытворчасці хлебабулачных вырабаў філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», сёлета ўзнагароджана нагрудным знакам Белкаапсаюза «30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі». Працоўны шлях ураджэнкі в. Соміна пачаўся ў 1991 годзе. Пасля сканчэння Баранавіцкага тэхнікума Белкаапзаюза па спецыяльнасці «тэхналогія хлебапякарнай і кандытарскай вытворчасці» па размеркаванні трапіла на працу ў Расонскае райста Віцебскай вобласці. Адпрацаваўшы неабходны тэрмін, вярнулася на малую ра-
дзіму і ўладкавалася на пякарню ў г. п. Целяханы, а праз год па службовай неабходнасці яе перавялі ў філіял «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» ў Івацэвічы. Спачатку працавала майстрам змены, а ў 2011 годзе ўзначаліла ўчастак па вытворчасці хлебабулачных вырабаў. Жаданне павысіць свой прафесіяналізм пабудзіла Іну Герштову паступіць у Гомельскі ўніверсітэт спажыўкааперацыі, які яна скончыла ў 2015 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць «таваразнаўства і экспертыза тавараў». І да гэтага часу хлебную справу начальнік участка не пакідае, пры гэтым чамусьці новаму ў сваёй рабоце вучыцца пастаянна.

Зараз гандлёвыя сеткі прапануюць шырокі асартымент хлеба розных вытворцаў, аднак многія жыхары нашага раёна аддаюць перавагу менавіта івацэвіцкаму хлебу. Безумоўна, своеасаблівым брэндам філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» з’яўляецца традыцыйны «кірпічык». Але разам з тым тут няспынна працуюць над навінкамі, пашыраюць асартымент. Пад кіраўніцтвам Іны Герштовай у цэху працуе 36 чалавек у дзве змены. Сёння тут вырабляюць амаль 50 відаў прадукцыі, у суткі намаганнямі івацэвіцкіх хлебапёкаў выпускаецца 5,5 тоны духмяных хлебабулачных вырабаў, якія дастаўляюцца не толькі ў магазіны Івацэвіцкага райста, але і даступныя для пакупнікоў у Пінску, Баранавічах, Ружанах, Слоніме, Ваўкавыску, Брэсце і Каменцы. Так, у сярэднім за месяц па-за межамі раёна рэалізуецца амаль 30 тон прадукцыі, што выпякае цэх.

– Нядаўна запусцілі ў вытворчасць прысмакі мучныя з семем ільну і кунжуту, сланечніку і арахісу – гэта печыва з лінейкі здаровага харчавання. Да таго ж рыхтуюцца дакументы на падобную прадукцыю ў выглядзе сухароў. Палюбіўся аматарам здаровага ладу жыцця наш хлеб «Лёгкі з вотруб’ем», булка «З вотруб’ем» і іншыя яго віды з карыснымі дабаўкамі той жа лінейкі. Выпускаем таксама прадукцыю, распрацаваную нашымі тэхнолагамі спецыяльна для школьнага харчавання з паменшанай колькасцю солі, а ў здобе замест маргарыну выкарыстоўваем алей. Мука, соль, цукар, дрожджы для хлебабулачных вырабаў – выключна беларускай вытворчасці, некаторую дапаможную сыравіну, да прыкладу, разынкі, карыцу, кунжут – атрымліваем праз фірмы ад замежных вытворцаў, – расказвае Іна Герштова.

У цэнтры ўвагі і прафесійных абавязкаў начальніка цэха – арганізацыйныя пытанні, размеркаванне работнікаў па зменах, а яе ранак заўсёды пачынаец-
ца з праверкі якасці выпечанага за ноч хлеба. Між іншым, усімі любімы «кірпічык» выпякаецца менавіта ноччу, каб свежым боханам у пачатку новага дня легчы на прылаўкі магазінаў. Праверку якасці перш за ўсё праводзяць па арганалептычных якасцях – знешнім выглядзе: па форме вырабу, колеры, таўшчыні скарынкі, наяўнасці адслойвання мякішу ад скарынкі, порыстасці мякішу і інш. Калі ўзнікаюць пытанні, хлеб адпраўляецца ў лабараторыю на фізіка-хімічны аналіз, брак у гандлёвую сетку не дапускаецца. А вось чэрствы хлеб, які не паспелі рэалізаваць магазіны, назад не вяртаецца – гэта забаронена адпаведным законам, тым больш, як адзначае Іна Канстанцінаўна, якасць і бяспека прадуктаў харчавання павінны быць на першым месцы.

Хлебабулачная прадукцыя штогод прадстаўляецца на конкурсах і папаўняе скарбонку івацэвіцкіх кааператараў новымі ўзнагародамі. Напрыклад, сёлета кекс «Велікодны з карыцаю» на рэспубліканскім конкурсе «Кандытарскі алімп» адзначаны залатым медалём, у мінулым годзе нашы хлебапёкі прывезлі Гран-пры з конкурсу «Прод-экспа» за пірог «Белая Русь».

Хлебную прадукцыю сям’я Герштовых набывае выключна тую, што выпякаецца пад кіраўніцтвам Іны Канстанцінаўны. Сама ж яна часцей аддае перавагу булцы «Новай з вотруб’ем», а вось здобу, прызнаецца, наогул не ўжывае – як жартуе, дастаткова здобных пахаў на працоўным месцы, і есці ўжо не хочацца. Работа ўчастка па вытворчасці хлебабулачных вырабаў, па словах яго начальніка, як адточаны механізм, дзе кожны на сваім месцы ў агульнай справе іграе важную ролю.

– Калектыў у цэху падабраўся добры, усе працуюць на агульны рэзультат, – лічыць Іна Канстанцінаўна. – Кожны стараецца не толькі ўкласці свае намаганні, але і душу, бо да хлебнай справы трэба прыступаць толькі з пазітывам, хаця работу хлебапёкаў нельга назваць лёгкай. Хлеб заўсёды быў асновай асноў, гэта галоўны прадукт на нашых сталах, а нам прыемна ўсведамляць, што наша справа запатрабавана.

Большую палову жыцця за рулём

Верны выбранаму роду дзейнасці і муж Іны Канстанцінаўны – Віктар Мікалаевіч. Ён – адзін з самых вопытных вадзіцеляў філіяла «Аўтабаза» Івацэвіцкага райста, таму невыпадкова сёлета яго заслугі адзначаныя Граматай Белкаапсаюза. Вялікі вопыт, а гэта 33 гады на адным працоўным месцы, несумненна, дапамагае яму ў рабоце. Калегі характарызуюць Віктара Герштова як чалавека стараннага і адказнага, які заўсёды ўважлівы да тэхнікі. А сам вадзіцель сціпла адказвае, што без гэтых якасцей у рабоце ніяк.

Ён, як і жонка, таксама сомінец. Пасля сканчэння школы паехаў вучыцца ў Івацэвіцкае ДТСААФ, там атрымаў правы шафёра, затым адслужыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі непрацяглы час працаваў у Целяханскім лясгасе, на лыжнай фабрыцы, а ў 1990 годзе ўладкаваўся ў філіял «Аўтабаза» г. п. Целяханы, потым перавёўся ў філіял «Каапнарыхтпрам»
г. Івацэвічы, а вось апошнім часам яму часцей выпадае працаваць у філіяле «Лотас».

– Асноўная мая задача – забраць тавар са склада і даставіць да месца прызначэння ў цэласнасці, – сцвярджае Віктар Мікалаевіч. – Гэта ж не пясок вазіць, тут павінна сходзіцца ўсё дакладна да грама – колькі загрузілі, столькі і павінен выдаць згодна з накладной. Да таго ж работа за баранкай патрабуе максімальнай канцэнтрацыі і ўвагі, але я ўжо прызвычаіўся, і яна мне па душы.

Віктар Герштоў за гады працы ў спажыўкааперацыі змяніў некалькі аўтамабіляў, а каля 10 гадоў назад перасеў на Газэль. Як адзначае ён, з усіх машын гэтая найбольш камфортная. Тут і навігатар ёсць, але прымяняць яго даводзіцца рэдка, бо за тры дзесяцігоддзі вопытны вадзіцель дасканала вывучыў транспартную і гандлёвую сетку раёна ды і не толькі. Часта здараюцца камандзіроўкі ў іншыя гарады, а ненармаваны працоўны дзень таксама адна з асаблівасцяў абранай прафесіі. Фургон яго аўтамабіля абсталяваны халадзільнікам, бо дастаўляе Віктар Мікалаевіч прадукты. Асаблівая ўвага – калі вязеш скорапсавальныя прадукты, кажа ён. У кабіне размешчаны датчык тэмпературы халадзільніка, за якім таксама трэба сачыць.

Сур’ёзных казусаў у дарозе з Віктарам Герштовым, дзякаваць Богу, не здаралася, хіба што дробязі, дзе спраўляўся або сваімі сіламі, або прыходзілі на дапамогу такія ж вадзіцелі, як і ён сам – адказныя і неабыякавыя.

Іншым разам яму і за грузчыка папрацаваць прыходзіцца, падаць тавар з машыны, паднесці, калі трэба, – у дапамозе ніколі не адмаўляе.

– Галоўнае, каб здароўе не падво-
дзіла! А там і да пенсіі дапрацуем! – усміхнуўся Віктар Мікалаевіч і ўскочыў у кабіну свайго жалезнага сябра з маторам. Патрэбна было спяшацца, бо на руках – пуцявы ліст, згодна з якім у дзень нашай размовы вадзіцелю неабходна было загрузіцца гароднінай у «Каапнарыхтпраме» і развезці яе па 13 магазінах райста. 

Наша сустрэча з Віктарам і Інай Герштовымі адбылася ў адзін і той жа дзень, але вось дык супадзенне, з абодвума героямі публікацыі пачалася амаль аднолькавымі словамі: яны, не згаворваючыся, лічылі, што нагоды рас-
казаць пра іх у раёнцы няма, бо ў райспажыўкааперацыі працуе шмат вартых увагі і павагі людзей. Але хутчэй гэта назавеш не супадзеннем, а прыроднай сціпласцю двух блізкіх людзей, якіх акрамя адданай шматгадовай работы ў Івацэвіцкай райспажаўкааперацыі аб’ядноўвае 26 гадоў у шлюбе, двое сыноў і двое ўнукаў.

Источник: https://ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки