Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Бізнес на капусце: вопыт фермера Аляксандра Каткаўца

22/05/2024 09:05

 Аляксандр Каткавец, кіраўнік фермерскай гаспадаркі, што месціцца ў Хадаках, разам з жонкай Аленай набілі руку ў вырошчванні капусты і паспяхова рэалізуюць прадукцыю на ўнутраным рынку, у тым ліку пастаянным пакупнікам (а гэта прыкмета якасці тавару). Справа гэта няпростая – не адзін навічок прагарэў на спробах вырасціць культуру, што патрабуе далікатнага падыходу і пастаяннай увагі. Аднак стараннасць фермераў прынесла свае плады ў выглядзе ладных крамяных качаноў – на кірмашах яны нарасхват, бачыли на свае вочы. А з чаго ўсё пачыналася?

Аляксандр Каткавец нарадзіўся ў Гліннай, а яго жонка Алена – у Коланску. Яны пераехалі ў Хадакі ў 1993 годзе з надзеяй абзавесціся жыллём ад мясцовай гаспадаркі – так і сталася. Дом давялося дабудоўваць, аднак свой дах над галавой радаваў маладую сям’ю, якая з цягам часу стала шматдзетнай – у Каткаўцоў дзве дачкі, сын і ўжо ёсць унукі.

У далёкім 1993-м Аляксандр працаваў вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве, пазней быў кіраўніком на заправачнай кіслароднай станцыі, а Алена выкладала працоўнае навучанне, біялогію і вяла факультатыў па здаровым ладзе жыцця ў Хадакоўскай школе. Распачаць сваю справу – гэтай ідэяй загарэўся Аляксандр і ў выніку стаў займацца жывёлагадоўляй. Неўзабаве і Алена пакінула школу – трэба было дапамагаць мужу. Аднак ад асабістай міні-фермы прыйшлося адмовіцца, адна з прычын – афрыканская чума свіней, якая стала сапраўдным бедствам для Беларусі і для бізнесменаў, што гандлявалі свінінай. Зарабіць на мясе не атрымлівалася, паспрабавалі зарабляць на гародніне. Недарма Аляксандр у дзяцінстве хацеў быць аграномам, а Алена вучылася агародніцтву ў вучэбна-практычным камбінаце.

Сялянскую фермерскую гаспадарку «ХадакіКаткавец» зарэгістравалі ў 2015 годзе і ўшчыльную заняліся вырошчваннем капусты. На той момант у Каткаўцоў ужо быў вопыт у яе культываванні: з 2010 года яны спрабавалі вырошчваць капусту на зямлі, выдзеленай для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Маштаб быў сціплы, аднак гэта не перашкодзіла павучыцца на сваіх памылках, разабрацца ў тонкасцях.

Фермерства – справа рызыкоўная
Аляксандра Каткаўца мы сустрэлі ў полі, дзе акурат закладваўся новы ўраджай – ішла пасадка капусты. Па полі павольна рухаўся куплены ў лізінг трактар з прычэпленым да яго спецыяльным агрэгатам – расадапасадачнай машынай. Падчас руху тэхнікі наразаюцца радкі, і расаду трэба ўручную закладваць у спецыяльныя адсекі агрэгата, які прысыпае яе зямлёй. Пасля трэба пракантраляваць, ці якасна здзейснена пасадка, ці не выпала праз адсек больш расады, чым патрэбна. Дапамагалі фермеру на пасадцы работніцы, раздзеленыя на дзве групы. Работа кіпела: засадзіць трэба было ні многа ні мала – 10 га. Усяго ў распараджэнні фермера – 36 га зямлі, з іх 16 га ён атрымаў сёлета. Перш чым выкарыстоўваць гэты ўчастак, поле трэба падрыхтаваць як след; гэтай вясной у фермера як ніколі многа работы, ён разлічвае пасадзіць капусту і на 8 га новай зямлі. Размаўляем літаральна на бягу, Аляксандр расказвае, чаму ўсё ж аддаў перавагу капусце:

– Спрабавалі і спрабуем вырошчваць і бульбу, і моркву, і буракі, і зерневыя культуры – усяго патроху і больш дзеля севазвароту: капусту на адным месцы дапушчальна садзіць толькі два гады запар. Азімыя не пасееш у нас – усё вымакае. Нашы землі не для бульбы, ды і цаны на яе няма. А на капусту цана задавальняе. Рэалізавалі ўвесь мінулагодні ўраджай капусты на ўнутраным рынку, а гэта каля 250 т, па 70 кап. за кг. Столькі каштавала і морква, і буракі. Восенню цана была ніжэйшая – па 40-45 кап., потым узрасла. А ў пазамінулым годзе за кілаграм капусты давалі 15 кап., гэта несур’ёзна: затраты значныя. Для прыкладу, імпартнае насенне морквы на 1 га каштуе каля 1 000 долараў, капусты менш, аднак колькі сіл патрабуе вырошчванне расады! Без угнаенняў, ядахімікатаў, якія таксама каштуюць нямала, капусту не вырасціш: прамаргаў, не зрабіў своечасова апрацоўку – і моль з’есць усё за тры дні. Карацей, хочаш вырошчваць капусту – будзь гатовы штодня заглядваць пад лісцікі і хутка прымаць меры.

Фермерства – бізнес рызыкоўны: ніколі не ведаеш, якая будзе цана, ці не папсуюць культуры замаразкі і гэтак далей, гаворыць суразмоўца і дадае:

– Увогуле ў нашай справе цяпер галоўнае збыць тавар. Раней прадавалі гародніну літаральна з калёс – на Расію. Сёння працаваць без сховішча немагчыма. Спачатку мы арандавалі сховішча ў ААТ «Перамога», аднак яно было невялікім, на тон 70. Нядаўна пабудавалі сваё – каля дома, на месцы хлява, у якім некалі трымалі і па 50 свіней… Адмаўляцца ад фермерства не планую, наадварот, як бачыце, расшыраемся.

Тым часам на поле зарульвае тэхніка другога фермера – Міхаіла Камяка з Коланска. Яго работнікі сеялі моркву на палетках сваёй фермерскай гаспадаркі і мелі намер аказаць паслугу Аляксандру – зрабіць тое самае і на яго зямлі. У Камякоў морквы гектараў 30, а ў Каткаўцоў – два. Немэтазгодна для такіх аб’ёмаў набываць спецыяльную сеялку, вось і выручаюць сябры – калі тэхнікай, калі добрай парадай. Мужчыны бяруцца за работу, а мы едзем у цяпліцы, дзе пад-
растае і чакае свайго часу расада.

Сакрэт поспеху – у доглядзе за раслінамі
Вырошчваннем расады ў асноўным займаецца Алена – у цяпліцах на прысядзібным участку. Напрыканцы сакавіка ў маленькія касеты (кожная – тры на тры сантыметры) высяваецца імпартнае насенне капусты ранніх і сярэдніх гатункаў. І пачынаецца перыяд пільнага догляду за кволымі раслінкамі, які доўжыцца 45 дзён. Насенне капусты позніх гатункаў сеецца пазней, на поле такая расада пераязджае ў канцы мая.

Важна сачыць за тым, ці хапае раслінам вільгаці, з-за пераўвільготненасці грунту іх рост таксама можа спыніцца. У сонечныя дні паліваць міні-плантацыі трэба двойчы на дзень; пакуль што робіцца гэта ўручную, са шланга, аднак гаспадары плануюць усталяваць сістэму аўтаматычнага паліву. З расадай як з дзіцём: дзіцятка маленькае раз у дзве гадзіны трэба пакарміць, а расаду – два разы на тыдзень. А пасадзіў і забыў – так нічога не атрымаецца. Не было такога, каб Алене не ўдалося вырасціць расаду, і прыжывальнасць у яе стопрацэнтная. А неяк набылі вырашчаную ў Ашмянах – няшмат, на пробу – і ўся прапала.

Догляд за капустай працягваецца ў полі. Раз на тыдзень – апрацоўка супраць насякомых-шкоднікаў, раз у 10 дзён – унясенне ўгнаенняў, абавязкова – акучванне, праполкі, падчас якіх ніяк не абысціся без ручной працы. І палоць, і зразаць, і класці ў скрыню на захоўванне капусту трэба вельмі беражліва, каб не пашкодзіць качаны, каб мелі яны ў выніку таварны выгляд.

– Якую параду маглі б даць гаспадыням, якія імкнуцца вырасціць добрую капусту на ўласным агародзе? Што ім варта ўлічыць? – пытаюся.
– Парада такая: прыходзьце на кірмаш і набывайце фермерскую прадукцыю. У дамашніх умовах вырасціць ладныя шчыльныя качаны, якія можна ўбачыць на прылаўках, няпроста, – адказвае субяседніца. І мае рацыю.

На ўчастку Каткаўцоў шмат дэкаратыўных раслін, у тым ліку хвойных. Яны, як і ландшафтны дызайн, – слабасць гаспадыні, і ў сваіх марах яна вырошчвае на продаж дэкаратыўны пасадачны матэрыял, а яшчэ – клубніцы. Хочацца і тое, і гэта… Толькі дзе ўзяць на ўсё сілы і час? Работы хапае нават зімой, калі ідзе рэалізацыя прадукцыі: качаны трэба пачысціць, затарыць, адгрузіць пакупніку… Ведаем, што Аляксандр можа і сам даставіць гародніну, тую ж бульбу ў невялікіх аб’ёмах, бо, як ва ўсякага добрага гаспадара, у яго нічога не павінна прапасці. Яго хобі, аддушына – паляванне і рыбалка. Аднак перш за ўсё – парадак на палетках, астатняе – потым.

Размаўляючы з героямі публікацыі, мне згадаўся фільм «Масква слязам не верыць» – як галоўны герой Гоша, ён жа Гога, расказвае маладой дзяўчыне, чаму не ўсе хочуць быць кіраўнікамі: «Быў такі рымскі імператар Дыяклеціян. У час росквіту імперыі ён раптам адмовіўся ад улады і падаўся ў вёску, а калі з Рыму прыехалі, каб папрасіць яго вярнуцца да ўлады, імператар сказаў: «Калі б вы бачылі, якую я вырасціў капусту, вы б перасталі мяне ўгаворваць». Напэўна, ніякія ўгаворы не прымусяць Аляксандра і Алену Каткаўцоў адмовіцца ад справы, якая, па ўсім бачна, ім сапраўды па душы. Працуючы ў сельскай гаспадарцы, не пазбегнуць цяжкасцей, аднак зямля аддзячыць, бо любіць руплівых гаспадароў, а яны цяпер – на вагу золата.

Источник: https://ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки