75-гадовая Надзея Собка з вёскі Гошча праславілася на ўсю краіну пасля фіналу вясенняй серыі гульняў беларускага клуба «Што? Дзе? Калі?». Перадача выйшла ў эфір тэлеканала АНТ 3 мая. Пытанне пенсіянеркі, на якое знатакі каманды Ксеніі Барэйка не далі правільнага адказу, прызналі лепшым пытаннем фіналу. А сама Надзея Сямёнаўна стала лепшым іграком вясенняй серыі гульняў 2024 года і ўладальнікам галоўнага прызу – Малой Хрустальнай савы, выйгрышу ў 2 300 рублёў і сертыфікату на 1000 рублёў ад медыцынскага цэнтра «Нордин». Выдатны падарунак да юбілею, які жанчына адзначыла 10 мая.
Тэлефон у хаце Надзеі Сямёнаўны не змаўкаў некалькі дзён – столькі было віншаванняў, пачула яна іх і ад рэдакцыі «ІВ». Гасцінная гаспадыня разам з мужам Міхаілам Аляксандравічам сустракала журналістаў прысмакамі ды мёдам з уласнай пасекі, здзіўляла саматканымі ручнікамі, а пытанне знатакам «Што? Дзе? Калі?» задала пра хлеб і пра нашы беларускія традыцыі. Паспрабуйце і вы адказаць на яго (прыводзім пытанне на рускай мове – так яно прагучала на гульні).
«Народная притча рассказывает о том, как отец выдал дочку замуж, и та стала жить в семье свекров. Со временем родители мужа постарели, и невестка взяла управление хозяйством на себя. Когда отец женщины приехал навестить семью, то, разумеется, поинтересовался у свата, как справляется его дочь. На это старик ответил, что все хорошо, но когда невестка накрывает на стол, то всем дает хлеб в одну руку, а ему в две. Внимание, вопрос! Как вы думаете, что означало выражение «дать хлеб в две руки»?»
Знатакі правялі аналогію з выразам «развязаць рукі», маўляў, «даць хлеб у дзве рукі» азначае нешта супрацьлеглае. І рашылі, што пад выразам маецца на ўвазе абмежаванне ў магчымасцях па ўпраўленні гаспадаркай. Каманда памылілася. Вядучы Алесь Мухін агучыў правільны адказ:
«Действительно, есть такое выражение – «дать хлеб в две руки», и это означает отрезать кусок очень тонко – так, что его невозможно удержать ровно одной рукой. Таким образом в небогатых хозяйствах уменьшали норму старикам, не способным к полноценной крестьянской работе, ну а молодежь кормили как следует, чтобы те могли работать в поле или на приусадебном хозяйстве».
Адкуль Надзея Сямёнаўна ведала пра тое? Аказалася, яшчэ на яе вяселлі два госці – адзін з яе роду, другі з роду мужа – завялі паміж сабой гутарку. Госць, што быў яе сваяком, папрасіў у другога адрэзаць яму хлеба ў дзве рукі, і той адрэзаў ад бохана тоўстую лусту. Сваяк нявесты растлумачыў, што трэба было зрабіць наадварот. Тоўстую доўгую лусту можна ўтрымаць у адной руцэ, тонкую – не, яна разломіцца. Пазней да маладых гаспадароў у хату завітвалі людзі сталага веку і таксама ўжывалі такі выраз. Усё ж хлеба ў нашых продкаў удосталь не было, зерне эканомілі, каб хапіла і на насенне, і на муку да новага ўраджаю. Тая гаспадыня лічылася добрай і ўмелай, якая правільна дзяліла зерне і хлеб паміж членамі сям’і: так, каб ніхто не галадаў, і пры гэтым маладзейшыя мелі сілы для працы на зямлі. Гэтыя веды натхнілі Надзею Сямёнаўну на састаўленне пытання для клуба знатакоў. Дапамог у гэтым унук Андрэй, студэнт універсітэта, і было гэта два з паловай гады таму.
Аўтар пытання з хваляваннем назірала за тым, як разважаюць знатакі. На думку жанчыны, здагадацца ім перашкодзіла маладосць – не намалявалася перад вачыма карціна, як выглядаў некалі хлеб, не падумалі, у якой ён быў цане… Яна, безумоўна, парадавалася выйгрышу, аднак яшчэ больш парадаваўся ўнук. Калі ён адсылаў пытанне, бабуля абяцала, што выйгрыш у выпадку поспеху будзе яго – хацелася дапамагчы студэнту грашыма. Надзея Сямёнаўна мае намер стрымаць слова. А вось паслугамі медцэнтра «Нордин» яна з задавальненнем скарысталася б сама. Малую Хрустальную саву жанчыне перададуць, яна зойме пачэснае месца ў яе хаце. Ёсць імавернасць, што гэта не апошні прыз. Пенсіянерка падрыхтавала пытанне і для расійскага клуба «Што? Дзе? Калі?» – на рэлігійную тэму, адправіла яго два гады таму. Хто яго ведае, можа, і там ёй усміхнецца ўдача.
Надзея Собка – жанчына цікавая, прыемная субяседніца. З інтарэсам і хваляваннем я запісала гісторыю яе жыцця, успаміны пра бацькоў, якія прайшлі выпрабаванне вайной – усё ж сустрэліся напярэдадні 9 Мая. Дарэчы, па пашпарце гераіня артыкула нарадзілася 10 мая ў вёсцы Тышкавічы Іванаўскага раёна, аднак насамрэч – увечары перад Юр’ем, як казала яе матуля, значыць, 5 мая.
Сямён+Марыя
Падчас вайны і бацька, і маці Надзеі супраць іх волі былі вывезены ў Нямеччыну на прымусовыя работы. У той час Сямён і Марыя яшчэ не былі мужам і жонкай, але іх пачуцці ўжо нарадзіліся, юнак і дзяўчына нават спрабавалі знайсці адзін аднаго на чужыне, аднак не змаглі. Марыя разам з іншымі дзяўчатамі спачатку працавала на заводзе, дзе выраблялі фарбу, гэта быў цяжкі і галодны час. Пазней па прычыне алергіі дзяўчыну перавялі на працу да гаспадыні. Адным з яе абавязкаў была чыстка вялікай колькасці яблык. Лупіны дзяўчына хавала і тайна насіла на завод, каб падкарміць сваіх зямлячак. Гаспадыня даведалася пра тое, аднак не пакарала Марыю. Адно папрасіла: «Калі цябе зловяць, не прызнавайся, што насіла ежу з майго дазволу, інакш мне не жыць». Бяздзетная немка прывязалася да беларускі і пасля вызвалення прасіла яе застацца ў Германіі не ў якасці пакаёўкі, а як яе дачка, аднак Марыя па клічы крыві вярнулася на Радзіму. Цэлы чамадан адзення дала ёй гаспадыня, аднак па дарозе ён згубіўся: беларуска захварэла на тыф,
ледзьве выжыла.
Сямёна ж адразу прымусілі працаваць на гаспадара. Стан несвабоды не падабаўся ні яму, ні іншым юнакам, у спрыяльны момант яны кінуліся на ўцёкі. На граніцы іх запыніў узброены ляснік. Калі хлопцы адбіралі ў яго ружжо, яно выстраліла Сямёну ў нагу. Усе разбегліся, ляснік прывёў салдат. Адзін немец хацеў дабіць параненага Сямёна, другі не дазволіў. Не зразумела, хто з іх быў больш міласэрны, бо ў выніку хлопец апынуўся ў канцлагеры. Рана не зажывала, у ёй кішэлі чарвякі. Вылечыў яго польскі доктар: у школе Сямён вывучыў польскую мову, урач тое ацаніў. Аднак жыццё, якое яму выратавалі, было складана назваць жыццём. Тры гады ў канцлагеры… Быў страшэнны голад. Палонныя стараліся тоўпіцца недалёка ад афіцэрскай сталоўкі, адкуль выносілі вёдры з аб’едкамі. Была імавернасць, што нехта з палонных пакаштуе памыяў з тых вёдзер – іх налівалі ў шапкі. У нейкі момант голад дасягнуў апагею: ногі Сямёна распухлі так, што ён не мог хадзіць – толькі паўзці. Цудам хлопец застаўся ў жывых. Пасля вызвалення па дарозе дамоў яго вярнула да жыцця курыная пячонка.
Сямён і Марыя зноў апынуліся ў родных Тышкавічах, ачунялі ад хвароб, згулялі вяселле. У іх нарадзілася сямёра дзяцей. Пра тое, што адбывалася ў канцлагеры, дзецям бацька стараўся не расказваць. Ды і не мог, бо, успамінаючы перажытае, горка плакаў.
«Зла ў мяне ўсяго на пяць мінут»
Надзеі было 16 гадоў, калі да бацькі прыйшоў сусед з прапановай выдаць яе замуж за яго ўнука Мішу з Гошчы. І бацька стаў яе ўгаворваць: хлопцу 19 гадоў, сям’я заможная, мужчыны з Гошчы, у адрозненні ад тых, што ў Тышкавічах, не праводзяць палову жыцця на заробках. «Не будзеш, дачушка, ты сама касіць – будзе гаспадар побач», – так казаў. Кавалер прыехаў да дзеда і не даваў дзяўчыне праходу. Уцякала ад яго Надзя, уцякала, аднак у выніку здалася і ў юным узросце пераехала да мужа ў Гошчу. Жылі ў адной хаце з яго бацькамі (і жывуць у ёй да гэтай пары!). Свёкар Аляксандр Мікалаевіч падчас вайны дайшоў да Берліна, быў узнагароджаны. З цеплынёй згадвае субяседніца пра сваю свякроў, мачыху мужа Аляксандру Пятроўну: «25 гадоў пад адным дахам, і ніколі па-сур’ёзнаму не пасварыліся. Лічу, гэта яе заслуга. Мудрая была жанчына». Мудрая жанчына аднойчы даверыла нявестцы спячы хлеб. «О, гэ бы дух!» – так сказала, пакаштаваўшы, і пячы хлеб з той пары стала абавязкам і маладой гаспадыні.
Дзяўчына з Тышкавічаў здзіўляла гашчан і тым, як умела ткаць. Ручнікі, што «нараджалі» яе кросны, упрыгожваў узор елачкай. Адна за адной упляталіся ў ручнікі ніткі розных колераў, а карункі яна вязала – яшчэ ў той час, калі дзяўчынкай пасвіла кароў. Тонкая работа! Вучылася Надзея толькі зімой, калі не было работы па гаспадарцы. Тым не менш, скончыла васьмігодку. Яе маці, у адрозненні ад бацькі, была непісьменная і, калі бачыла дачку з кнігай, гаварыла з іроніяй: «Я адно думаю, як ты з гэтай кніжкі хлеб есці будзеш…»
У Гошчы Надзея прыйшла ў калгас – ён быў моцным, плацілі няблага. Там прапрацавала ўсё жыццё, у асноўным даяркай, але і паляводам. Жанчына мае па жыцці прынцып, і найбольш выразна ён праяўляўся на працы: калі за што бярэцца, дык тое павінна быць зроблена на проста добра, а на выдатна. Неяк працавала ў калгаснай брыгадзе і вызвалася вяршыць сцірты. Дык як спусціцца на зямлю, страляе вокам з усіх бакоў доўгага стога, каб ацаніць, ці роўна атрымалася. Не роўна – трэба перарабіць! І дэпутатам мясцовага Савета была.
Надзея і Міхаіл Собка 58 гадоў разам, нарадзілі трох сыноў, дваіх пахавалі. «Да гэтай пары разам, бо зла ў мяне ўсяго на пяць мінут», – жартуе Надзея Сямёнаўна. «Аднак перажыць тыя пяць мінут бывае няпроста», – парыруе гаспадар. І мы разам смяёмся, седзячы за гарбатай на кухні. Субяседніца расказвала, як пасябраваць з рускай печчу, каб хлеб не атрымліваўся «загарэлы», як смачна запячы ў ёй таўканіцу – бульбу з салам-мясам, як згатаваць у гаршчэчку яршоў (спатрэбіцца кавалачак сала і фірменныя прыправы – перамолатыя кроп і каляндра). Ад хаты гаспадароў да возера Гошча – метраў 20. Рыбы некалі вадзілася ў ім шмат, цяпер такія яршы, што адны вочы…
Аднак якія ж тут краявіды!
У пакоях хаты глядзяць на нас з фотаздымкаў унукі гаспадароў – іх шасцёра, і шасцёра праўнукаў. Спадзяюся, і яны распытваюць бабулю пра яе жыццё-быццё, бо менавіта з такіх размоў мы і чэрпаем веды пра традыцыі народа, а пасля перадаём нашчадкам. Распытваць, занатоўваць пачутае – гэта наш святы абавязак. Не дзіва, што эксперты інтэлектуальнага клуба вылучылі пытанне пенсіянеркі Надзеі Собка – яно пра нашы карані, якіх не варта цурацца, бо тое наш скарб, падмурак нацыі.
Крыніца: https://ivatsevichy.by/