Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2026 год - Год белорусской женщины

Рукамі жанчын

30/04/2026 16:36

 

Напярэдадні Свята працы дзякуючы актывісткам Івацэвіцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» з’явіўся малады яблыневы сад.

У сераду з самай раніцы на тэрыторыі Івацэвіцкага аграрнага каледжа кіпела жыццё. Прадстаўніцы БСЖ прыехалі сюды, каб разам з навучэнцамі, будучымі гаспадарамі зямлі, закласці яблыневы сад.

– Пасадзіць сад на тэрыторыі аграрнага каледжа мы вырашылі па некалькі прычынах: па-першае, падумалі, што для тых, хто вывучае аграномію, садаводчую справу, наш сад стане зялёнай вучэбнай аўдыторыяй пад адкрытым небам, дзе спасцігаць навуку дапамогуць не толькі веды, цярпенне, але і вецер, дождж, сонца, – яшчэ перад пасадкай дрэў карэспандэнту «Івацэвіцкага весніка» расказала старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Юлія Ульдзіновіч. – Па-другое, каб не на словах, а на справах паказаць нашу агульную і невымерную любоў да роднай зямлі і вялікае жаданне зрабіць яе яшчэ больш прыгожай і квітнеючай. І трэцяя, апошняя, прычына закладкі саду на тэрыторыі каледжа: нам вельмі хочацца, каб сад гэты стаў своеасаблівым масточкам паміж сучаснасцю і будучым. Вось уявіце сабе, пройдзе час, і нехта з сённяшніх навучэнцаў установы прыедзе ў сваю альма-матар і наведае сад, у якім расце і радуе сакавітымі пладамі яго «Лукамор», «Валюта» і «Бурштынавыя пацеркі»… Менавіта такія гатункі нам прэзентаваў прадпрымальнік з Быцені Аляксандр Казловіч.

Яблынек, якіх з удзячнасцю прыняла красавіцкая зямля, аказалася дваццаць шэсць. І гэта невыпадкова.

– Сёлетні 2026 год у нашай краіне – асаблівы, ён прысвечаны беларускай жанчыне. У пасадцы дваццаці шасці дрэўцаў прынялі ўдзел шчодрыя на добрыя ўчынкі і вялікае сэрца актывісткі Беларускага саюза жанчын. І ў гэтай справе ім дапамаглі 26 будучых аграрыяў, для якіх праца на зямлі абавязкова стане не проста паўсядзённасцю, а лёсам, – заўважыла Юлія Аляксандраўна.

Сімвалічным быў яшчэ адзін момант: у пасадцы, куды больш, чым проста пладовых дрэваў, прынялі ўдзел людзі самага рознага ўзросту, розных сфер дзейнасці, рознага сацыяльнага статусу. Сваю яблыньку пасадзіла і старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук. Далікатна засыпаючы цёмнае карэнне, Ірына Віктараўна заўважыла:

– Каля майго дома таксама расце невялічкі сад, у якім кусты чорнай парэчкі яшчэ ў школьныя гады пасадзілі дзеці, дзе расце яблынька, што і сёння памятае клапатлівую руку бацькі… Пасадзіць сад – гэта значыць, падпісаць нябачную дамоўленасць з часам, няўмольным і хуткаплынным, які абавязкова гэты сад ператворыць у квітнеючае, утульнае і прыгожае месца. Увогуле, у любові да сваёй Радзімы малых спраў не бывае. І вельмі сімвалічна тое, што мы садзім сёння менавіта яблынькі як сімвал прыгажосці, мудрасці, маладосці і дабрабыту.

Да размовы далучылася сенатар і актывістка жаночай арганізацыі Таццяна Ігнацюк. Клапатліва завязваючы на сваім дрэўцы сінюю стужачку, яна працягнула размову:

– Лічу, што яблыня – гэта ўвасабленне існасці жанчыны. Так як яблыня аддае свае плады людзям, так і жанчына дорыць прыгажосць і плады сваіх спраў грамадству, каб яно станавілася яшчэ больш моцным, упэўненым і стабільным. Штосьці мне падказвае, што дрэўцы пусцяць трывалае карэнне і гэтая гісторыя будзе мець працяг.

Няхай расце, шуміць галлём і радуе смачнымі яблыкамі сад, пасаджаны рукамі жанчын!

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки