Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

"Плакалі ад радасці, калі пачулі пра Перамогу"

08/05/2024 11:39

 

Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Яўгенія Антонаўна Сіткевіч з в. Харошча расказала аб сваіх выпрабаваннях лёсу

Чым больш гадоў аддзяляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым ярчэйшы і больш значымы подзвіг савецкага народу на шляху да Вялікай Перамогі для сучаснікаў. Але, на жаль, застаецца ўсё менш жывых сведак той страшнай навалы. Зараз у Івацэвіцкім раёне пражывае толькі тры чалавекі з ліку ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: Зіновій Мікалаевіч Каланчук з г. п. Целяханы, Надзея Паўлаўна Калінка, цяпер пражывае з дачкой у Івацэвічах, і Яўгенія Антонаўна Сіткевіч з Харошчы. У кожнага з іх на вайне быў свой лёс, пра які ўжо расказвала раёнка на сваіх старонках.

У юбілейную гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы наведалі Яўгенію Антонаўну ў Харошчы. Жанчыне ў чэрвені споўніцца 97 гадоў, жыве яна ў сваёй хаце адна, пакідаць родныя сцены ёй пакуль не хочацца, тры разы на тыдзень да яе наведваецца сацыяльны работнік, усё часцей гасцююць у яе дзеці, унукі і праўнукі, ахінаюць сваім клопатам і ўвагай. У такім даволі сталым узросце яна мае добрую памяць, толькі вось слых слабы – гэта наступствы кантузіі на вайне, з-за якой і набыла інваліднасць.

Многае на сваім веку давялося перажыць Яўгеніі Антонаўне. У трохгадовым узросце яна засталася без маці, у сям’і, апроч яе, было яшчэ двое дзяцей. Бацька ажаніўся другі раз, і іх гадавала мачыха, у якой было чацвёра сваіх дзяцей. У вялікай сям’і Жэні давялося рана пасталець і рана прызвычаіцца да цяжкай сялянскай працы.

Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла новыя выпрабаванні лёсу, застала яе 14-гадовай дзяўчынай. Старэйшы брат пайшоў у партызаны, бацьку ж за сувязь з імі немцы расстралялі ў 1942 годзе, а хату, у якой жыла іх сям’я, спалілі. Яўгеніі ж пагражала адпраўка ў Германію, таму ад «пуцёўкі» на чужыну яна была вымушана хавацца ў лесе. Да сябе, у партызаны, яе забраў «ухажор» Іван Сіткевіч.

Дзяўчынай яна была смелай, адзначае Яўгенія Антонаўна, хадзіла на баявыя заданні разам з партызанамі, а ў медсанчасці даглядала за хворымі і раненымі. Маладыя збіраліся ажаніцца, але вайна ўнесла свае карэктывы ў іх лёс – падчас акупацыі раёна Іван загінуў.

«Я думала, што вайна ніколі не скончыцца і ў гэтым лесе і мяне застане смерць. А як мы плакалі ад радасці і абдымаліся, калі пачулі пра перамогу», – расказвае Яўгенія Антонаўна.

Пасляваеннае жыццё таксама было несалодкім, уздыхае субяседніца. Пасля вызвалення раёна з лесу прыйшла яна голая, босая і галодная. Успамінае, як несла сумку з бялізнай, дык ёй хтосьці з мужчын прапанаваў паднесці і ўкраў – збег разам з яе сціплым пажыткам. Вярнулася Яўгенія ў Харошчу, а там і прыткнуцца не было да каго. Мачыха не прыняла да сябе, бо чужая дзяўчына ёй. Так і блукала яна па вёсцы, просячыся на начлег то да аднаго, то да другога, а на зіму Яўгенію прытуліла вясковая жанчына – цётка Каця.

У канцы 1945 года з фронту вярнуўся аднавясковец Валодзя Сіткевіч – на кастылях, бо пасля цяжкага ранення ў нагу стаў інвалідам, з ім Жэня і сышлася. «Не было каму нас блаславіць, не было што на стол святочны ў той дзень паставіць», – з горыччу ўспамінае жанчына. Разам з мужам яны і дабро нажывалі, і хату пабудавалі, у гэтым маладым дапамог сельсавет. Жыццё паступова наладзілася, і прайшло яно ў няспыннай шчырай працы і клопатах. Працавала Яўгенія Антонаўна ў мясцовай гаспадарцы то паляводам, то на свінаводстве і 20 гадоў у школе тэхнічкаю.

Выгадавалі Сіткевічы шасцярых дзяцей. У 1998 годзе мужа Уладзіміра Мікалаевіча не стала. Двух сыноў і дачку, на жаль, наканавана Яўгеніі Антонаўне таксама перажыць, і гэта яе вялікі нясцерпны боль, які не менш трывожыць час ад часу, чым успаміны пра далёкую, але не забытую вайну. Да гэтага часу ў яе сэрцы і ў яе хаце ёсць месца для памяці аб першым каханні: партрэт таго самага юнака-партызана Івана займае ганаровае месца на серванце, побач са здымкамі блізкіх.

Падчас нашай размовы на вачах субяседніцы то і справа выступаюць слёзы, і працягваць гаворку пра ваеннае ліхалецце ёй не хочацца. «Восень» жыцця паважанай жанчыны напоўнена любоўю родных. Яўгенія Антонаўна дастойна выхавала сваіх дзяцей, мае 13 унукаў і дачакалася 21 праўнука, якія цешаць матуліна і бабуліна сэрца. Не зарастае сцежка да яе дома: падчас нашага візіту прыехала фельчар з Грыўдзенскага ФАПа на планавы агляд, памерала ціск, спытала пра адчуванне і прыём лекаў. Не забывае ўдзельніцу вайны і моладзь: вось і ў красавіку актывісты БРСМ злажылі дровы, прыбралі двор Яўгеніі Антонаўны. З віншаваннямі і падарункамі наведваюць паважаную жыхарку Харошчы ў святы кіраўніцтва Мілейкаўскага сельвыканкама, прадстаўнікі Савета ветэранаў, культуры.

Яўгенія Антонаўна Сіткевіч узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Георгія Жукава, а таксама юбілейнымі медалямі. Але не дзеля іх калісьці яна рабіла свой унёсак у Вялікую Перамогу, а дзеля мірнага неба над галавой.

 

К списку новостей

Полезные ссылки