Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

На прыкладзе свайго героя знаемяцца з гісторыяй Вялікай Айчынная вайны праўнукі Іллі Мікалаевіча Белага

08/05/2024 12:45

 



Час не стаіць на месцы, ён няўмольна хутка гартае старонкі нашай гісторыі. Вось ужо 80 гадоў, як наша мірная зямля не ведае жахаў вайны. Столькі гадоў прайшло з таго часу, калі неймавернымі намаганнямі нашага гераічнага народа, нашых дзядоў і прадзедаў здабыта такая доўгачаканая і такая неабходная перамога. Сёння мы пачынаем новы праект «А памяць – бессмяротная», у якім будуць вашы ўспаміны і гісторыі пра герояў-пераможцаў, вашых дзядоў і прадзедаў. Паважаныя чытачы, калі вы таксама хочаце падзяліцца ўспамінамі пра сваіх родных – тых, хто набліжаў Перамогу, звяртайцеся ў рэдакцыю раёнкі.

Бо зараз, калі адыходзіць пакаленне ветэранаў, калі перапісваецца гісторыя і подзвігі герояў падвяргаюцца сумневу, так важна памятаць, які далікатны свет і як важна яго берагчы. Як важна не абарваць гэтую тонкую нітку і захаваць памяць аб героях той страшнай вайны для будучых пакаленняў.

У архіве «Івацэвіцкага весніка» захоўваюцца падшыўкі старых газет, на старонках якіх партрэты жывых ветэранаў, іх успаміны і настаўленні нам, нашчадкам пераможцаў. Шмат каго з іх ужо няма ў жывых, але жоўтыя газетныя старонкі памятаюць. Памятаюць, каб памяталі мы.

Зараз усё часцей аб часах ваеннага ліхалецця мы даведваемся з падручнікаў, газетных старонак ці тэлеперадач. А мне пашчасціла расці побач з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, партызанам і проста незвычайна чулым і спагадлівым чалавекам, маім дзядулем, Ільём Мікалаевічам Белым. Пра яго ўжо пісала наша раёнка, наогул, як і пра многіх іншых ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Але нагадаць яшчэ раз пра тых, хто падараваў нам мірнае жыццё, не будзе лішнім.

Ілья Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна ў 1926 годзе ў простай сялянскай сям’і. З дзяцінства цяжка працаваў, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. На досвітку хлопец выганяў у поле статак кароў, закінуўшы за плечы торбачку з лустачкай хлеба, які матуля клала на абед.

Сям’я жыла небагата, вучыцца не было калі, таму маленькі Ілья скончыў усяго тры класы польскай школы. Бывала пасля, калі мой брат прыносіў у дзённіку заўвагу за дрэнныя паводзіны, дзед згадваў польскага настаўніка, які вучыў іх грамаце, і гаварыў, што ў той час, аслухаўшыся настаўніка, можна было зарабіць «подзатыльника» альбо па «лапах» драўлянай лінейкай. – Кладзі «лапы» (рукі) на стол, і так ляпне, што іскры з вачэй пасыплюцца, – успамінаў дзед.

Калі пачалася вайна, Ілью ледзь споўнілася 15 гадоў. Ужо тады, ведаючы аб партызанскай дзейнасці жыхароў вёскі Міхнавічы, юнак стаў сувязным спецатрада нумар 25 в/ч 38729.

Як расказваў нам, унукам, дзед Ілья, будучы сувязным, ён збіраў звесткі аб размяшчэнні і руху нямецкіх войскаў, колькасці варожых эшалонаў, якія перамяшчаліся па чыгунцы. А затым усе гэтыя звесткі перадаваў радыстцы, якая прыехала ў Міхнавічы з Масквы. Дарэчы, дзядзька майго дзеда, Аляксей Белы, заключыў з радысткай фіктыўны шлюб, каб ніхто не здагадаўся, з якой мэтай з’явілася ў вёсцы гэтая маладая жанчына. Адразу пасля вайны радыстка вярнулася ў Маскву да сваякоў, але кожны год прыязджала на маёўкі ў Гута-Міхалін, каб сустрэцца з баявымі сябрамі. Як падрасла, штогод на гэтых маёўках разам з дзедам была і я.

Упершыню на Хаваншчыну мяне завёз менавіта дзед Ілья. Як боязна мне было тады пераходзіць праз хісткі масток над балотам, страшна было заглядваць у паўразваленыя зямлянкі. Здавалася, зараз з лесу выскачыць немец. Але са мной побач быў мужны чалавек і я ведала, што ён ніколі не дасць мяне пакрыўдзіць. Затым, там жа, на паляне, збіраліся былыя франтавікі і партызаны, каб пагутарыць, паўспамінаць ваенныя гады і выпіць франтавыя сто грам.

У 1944 годзе, калі прыйшло вызваленне, дзеду Ільі якраз споўнілася 18 год і яго прызвалі ў войска. Дзед служыў у артылерыі, быў камандзірам гарматы. Пад Франкфуртам-на-Одэры Ілья Мікалаевіч быў паранены і доўга лячыўся ў шпіталі на Нямеччыне. Ёсць у нашым сямейным архіве даведка з ваенна-медыцынскага музея Міністэрства абароны СССР аб тым, што Белы Ілья Мікалаевіч на фронце Вялікай Айчыннай вайны 24 сакавіка 1945 года атрымаў множнае асколачнае раненне абедзвюх ног. Тры металічныя асколкі, як напамін, засталіся ў нагах дзеда да апошніх яго дзён.

Калі вайна скончылася, дзед Ілья дадому вярнуўся не адразу – не было замены. Ён адслужыў у войску сем гадоў, бо так патрэбна было Радзіме. Паслужыў усюды: і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Таганрогу. З канца вайны, з Германіі, а пасля і на радзіме, дзед быў ардынарцам і целаахоўнікам у генерала.

Ілья Мікалаевіч Белы быў чалавекам слова і справы, быў сціплым і разважлівым, з пачуццём гумару і шчырай любові да людзей і Айчыны. Ён – гонар для нашай сям’і прыклад мужнасці і самаадданасці для ўнукаў і праўнукаў.

 

К списку новостей

Полезные ссылки