Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2025-2029 - Пятилетка качества

«Любіць сваю справу і быць у ёй лепшымі»

03/05/2025 14:18

 «Любіць сваю справу і быць у ёй лепшымі»


1 мая ў самым сэрцы Івацэвіч адбылася ўрачыстая і прыгожая цырымонія адкрыцця абноўленай Дошкі гонару. Сёлета па выніках работы за мінулы 2024 год за высокі прафесіяналізм, добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў на яе занесены 14 арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна. Высокай пашаны ўдастоены і 16 жыхароў Івацэвіччыны. І аб’ядноўвае гэтых людзей вялікая любоў да справы і жаданне быць у ёй лепшымі.

Вера Канановіч, фармоўшчык жалезабетонных канструкцый УП «Івацэвіцкая ПМК-11»:

– На заводзе працую 17 год. Работа мая няпростая, можна нават сказаць, што не жаночая. Аднак прыкіпела да яе душою і на другім месцы сябе ўжо не ўяўляю. Да ўсяго, заробкі нядрэнныя, дый адносіны з боку кіраўніцтва выдатныя. А тут яшчэ і падарунак. Гэта я пра занясенне майго імя і партрэта на раённую Дошку гонару.

Скажу шчыра: адразу здзівілася гэтаму «падарунку», бо вартых яго атрымаць яшчэ колькі на нашым прадпрыемстве! Быў момант, калі наогул хацела ад яго адмовіцца. Сумненне і думкі, ці годная я гэтай высокай узнагароды, мучылі доўга. Развеяў іх муж мой, Царства яму Нябеснага, літаральна нядаўна пакінуў адну мяне на гэтым свеце, калі не лічыць дзяцей. Дык вось казаў ён мне: «Не сумнявайся, Вера, можа, ты і не самая лепшая, але і не горшая за іншых. Усё жыццё ганаруся табою. А калі будзеш катэгарычнай і адмовішся ад аказанай высокай пашаны, сам фотаздымак твой занясу ў райвыканкам».

Таму веру, што з высокіх нябёсаў мой дарагі чалавек радаваўся за мяне. А я пайду далей не толькі жыццёвай, але і працоўнай сцежкай, з думкамі, што ўсё недарэмна, з перакананнем, што крочу ў правільным кірунку.

Ала Таптала, дырэктар ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы»:

– Сёлетні год для мяне юбілейны: спаўняецца роўна сорак гадоў, як прыйшла працаваць у сістэму адукацыі раёна і дваццаць пяць, як шчырую на пасадзе кіраўніка Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У прафесію прыйшла па прыкладзе сваёй любімай першай настаўніцы Алены Лявонцьеўны Шалкевіч. А сэрца і душу аддала дзецям з няпростым лёсам і іх бацькам, бо на сабе спазнала, што такое хвароба і як цяжка з ёю ісці па жыцці.

Сёння ў нашым Цэнтры дапамогу атрымліваюць 103 дзіцяці. Частка – мае інваліднасць, другая – асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Свае веды, вопыт, цеплыню гарачых сэрцаў аддаюць дзецям 36 педагогаў.

Занясенне на раённую Дошку гонару – высокая ўзнагарода як асабіста для мяне, так і для ўсіх маіх калег, а яшчэ пацвярджэнне таго, што, аддаючыся справе, якой служыш напоўніцу, дапамагаючы людзям, свята верачы ў перамогу дабра над злом, лёс аддзячыць, жыццё ўзнагародзіць.

Міхаіл Кот, дырэктар ААТ «Горталь»:


– Быць на Дошцы гонару для мяне не ў навіну. Некалькі год таму вопыт прызнання на раённым узроўні ўжо быў. Паверце, гэта высокая ўзнагарода і дарагога вартая! Аднак будзе недаравальна сказаць, што яна толькі мая. Поспехі кіраўніка – гэта заўсёды поспехі ўсяго яго калектыву.


Дошка гонару для мяне – гэта не проста спіс імён. Гэта гісторыя нястомнай працы людзей, гэта крыніца матывацыі, маркер аўтарытэту і прызнання.

Ганна Суханосік, хормайстар ДУК «Івацэвіцкі раённы Дом культуры»:

– У кагорту работнікаў культуры Івацэвіччыны ўлілася ў 2001 годзе, адразу ж пасля заканчэння Гродзенскага каледжа мастацтваў.

Працоўную біяграфію пачынала ў Воленскім сельскім Доме культуры. Затым скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, перайшла на работу ў горад. Працавала ў раённым Доме культуры на самых розных пасадах. І заўсёды, за што б ні бралася, рабіла і раблю з ахвотай і з любоўю.

Дзесяць год таму я стала кіраўніком народнага ансамбля «Сяброўкі». Якую асалоду сэрцу прыносіць работа з гэтым калектывам! Не меншае задавальненне кожны раз атрымліваю, калі разам з жанчынамі, улюбёнымі ў песню і творчасць, выходжу на вялікую і малую сцэну, спяваю ў полі для камбайнераў і механізатараў, развучваю новыя творы…

Культура для мяне – зусім не пустая забаўка. Культура, сцэна – гэта мая любоў, маё сэрца, маё жыццё.

Калі даведалася, што маё імя будзе занесена на раённую Дошку гонару, адразу не паверыла. Гэта пазней прыйшло ўсведамленне таго, наколькі высока адзначана мая праца, прычым не толькі за 2024 год, а за доўгае, часам няпростае, але заўсёды цікавае творчае жыццё.
Быць у ліку лепшых, безумоўна, дасягненне. А яшчэ – вялікая адказнасць і стымул вышэй і вышэй падымацца да новых вяршынь.

Васілій Козік, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў дрэваапрацоўчага ўчастка Целяханскага лясгаса:

– Вестку аб тым, што маё прозвішча будзе занесена на раённую Дошку гонару, прынёс намеснік нашага дырэктара Аляксандр Сцяпанавіч Жук. Адразу падумаў: жартуе… Аднак, аказалася, што не, праўда. Нечакана і вельмі прыемна… Дый, мабыць, заслужыў (усміхаецца. – Аўт.). Як ні як, трыццаць тры гады працую ў лясной галіне. Усяго толькі паўгода да таго, як пайсці служыць у армію, папрацаваў у сельскай гаспадарцы.

Быць адданым абранаму шляху, калі працаваць дык працаваць, навучыла мяне вясковае жыццё, сам я родам з Соміна, як і мае тата з мамай. З гадамі прыйшло ўсведамленне: у спорце шанцуе мацнейшым, а на любой рабоце – толькі тым, хто не баіцца цяжкасцей.





Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки