Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2025-2029 - Пятилетка качества

Якасная вада – аснова жыцця

03/03/2025 17:18

 Якасная вада – аснова жыцця


Даведаліся, як у Дабромыслі працуе станцыя абезжалезвання і як яе ацэньваюць мясцовыя жыхары.

У Івацэвіцкім раёне, як і па краіне ў цэлым, рэалізуецца дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» і яе падпраграма «Чыстая вада», галоўная задача якой – забеспячэнне насельніцтва якаснай вадой.

Як расказаў намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Міхаіл Балбуцкі, на сённяшні дзень на балансе камунальнага прадпрыемства ўтрымліваюцца больш за 380 кіламетраў водаправодных сетак у 49 населеных пунктах раёна, маецца 57 артэзіянскіх свідравін, 36 воданапорных вежаў і 20 станцый абезжалезвання вады.

Чыстая, без прымесяў жалеза вада ў мінулым годзе стала даступная тым жыхарам в. Дабромысль, якія маюць цэнтральны водаправод. Крыніцай цэнтральнага водазабеспячэння для спажыўцоў Дабромысля з’яўляецца артэзіянская свідравіна глыбінёй 40 метраў, аднак у здабываемай вадзе адзначалася павышанае ўтрыманне жалеза – да 0,5 мг/л пры нарматыве 0,3. Таму будаўніцтва станцыі абезжалезвання стала той мерай, якая вырашыла праблему вяскоўцаў.

Аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў маі мінулага года, пабудаваны ў сціслы тэрмін – усяго за два месяцы. Станцыя модульная, кантэйнернага тыпу, яе мантаж ажыццяўляўся на загадзя падрыхтаваны фундамент. Абсталяванне станцыі беларускай вытворчасці, прычым забяспечана сістэма аўтаматычнага функцыянавання аб’екта, кантраліраваць яго работу спецыялісты могуць аддалена, што дазваляе эканоміць сродкі на эксплуатацыі. За станцыяй замацаваны слесар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Сяргей Каліноўскі, ён перыядычна наведваецца сюды паглядзець, ці ўсе працэсы ў парадку.

Магутнасць станцыі складае тры куб. м у гадзіну, што дастаткова для такога населенага пункта. Пры гэтым метад ачысткі вады самы сучасны – бэзрэагентны. Вада са свідравіны праходзіць праз два фільтры з кварцавым пяском, а акісленне жалеза адбываецца метадам спрошчанай аэрацыі.

Ачышчаная вада паступае ў воданапорную вежу аб’ёмам 25 куб. м, а адтуль – спажыўцам. Прамыўка сістэмы фільтрацыі ажыццяўляецца праз кожныя 48 гадзін таксама ў аўтаматычным рэжыме адваротным напорам вады, якая потым выходзіць у каналізацыю.

Адзін раз у тры месяцы ажыццяўляецца адбор проб вады для лабараторных даследаванняў, якія паказваюць, што цяпер фактычнае ўтрыманне жалеза пасля ачысткі складае 0,16–0,17 мг/л.
Сёлета, дарэчы, у Дабромыслі заменены і ўчастак водаправоднай сеткі працягласцю 225 метраў па вуліцы Новай.

Мікалай Хвясько:
– Раней даводзілася купляць сродкі для ачысткі посуду, вёдзер ад жоўтага налёту, а зараз гэта патрэба адпала. Якасная вада! Вельмі мы задаволеныя і ўдзячныя за клопат пра дабромысленцаў. Вада – гэта ж наша здароўе!

Таццяна Сяргейчык:
– Ужо ў калодзезь і не заглядаю! Раней для ачысткі вады выкарыстоўвала фільтр, яго даводзілася часта мяняць, а цяпер жа ён не патрэбны. Вада з крана добрая, пасля кіпячэння няма налёту на посудзе. Улетку неяк госці завітвалі, дык у дарогу з сабой бралі нашу ваду, кажуць, смачная.

Аляксандр Сплендзер:
– Празрыстая вада і прыемная на смак. Да ўсяго ж дома я нядаўна замяніў старыя жалезныя трубы на поліэтыленавыя, і гэта таксама важны крок да якаснай вады. Ад імя жыхароў нашай вёскі выражаю вялікую ўдзячнасць за будаўніцтва такога важнага для нашага населенага пункта аб’екта.






















Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки